Уладзімір Караткевіч і Ракаўшчына

Культура

У вялікім чалавекалюбным сэрцы Уладзіміра Караткевіча, якое было “распята за ўсе мільярды двухногіх” (“…Быў. Ёсць. Буду”), мясціўся цэлы свет. Зразумела, асабліва запаветныя куточкі ў ім займалі родныя пісьменніку Аршаншчына, Рагачоўшчына, а таксама Кіеў, дзе ён вучыўся ва ўніверсітэце, Астравеччына, радзіма яго сябра Адама Мальдзіса, і некаторыя іншыя, дарэчы, увогуле нешматлікія, мясціны. Магу з усёй адказнасцю і прыемнасцю сказаць: сярод апошніх – і мая родная Ракаўшчына.

Ракаўшчына – паняцце не адміністрацыйнае, а культурна-гістарычнае. Калісьці яно абдымала (дый цяпер абдымае) землі на ўсход ад Ракава, у бок Мінска (з Новым Полем, Старым Ракавам, Аксакаўшчынай, Траскоўшчынай,  Вялікім Сялом і інш.), ажно да вытоку Іслачы каля гары Святой (цяпер – Дзяржынская), і на захад, у бок Валожына і Івянца (з Пярэжарамі, Душкавам, Бузунамі, Яршэвічамі, Пугачамі, Падневічамі і інш.), ледзь не да сярэдзіны Іслачы і часткі Налібоцкай пушчы. Насельніцтва гэтай даволі значнай тэрыторыі гуртаваў і гуртуе якраз Ракаў, дзе пры ўсіх уладах (а яны тут у ХХ ст. мяняліся 11 разоў!) месціліся розныя адміністрацыйныя органы, рэлігійнае жыццё забяспечвалі царква, касцёл і сінагога, а эканамічнае – знакаміты штотыднёвы кірмаш. У 1921 годзе Ракаўшчыну па жывому разрэзала дзяржаўная мяжа паміж СССР і Польшчай, але праз васемнаццаць гадоў яе не стала. Пасля Вялікай Айчыннай вайны колішняе прыгранічнае польскае мястэчка ўваходзіла то ў склад Радашковіцкага раёна Маладзечанскай вобласці, то – у Маладзечанскі раён Мінскай вобласці, пакуль нарэшце не зрабілася своеасаблівымі варотамі Валожынскага раёна пры ўездзе ў яго з боку Мінска.

З Ракаўшчынай Уладзімір Караткевіч пазнаёміўся, а пасля і зблізіўся, дзякуючы перш за ўсё майму з ім сяброўству. І паспрыяў гэтаму ніхто іншы, як Адам Мальдзіс, з якім я быў добра знаёмы яшчэ з таго часу, калі сённяшні паважаны прафесар і пісьменнік працаваў адказным сакратаром радашковіцкага “Сцягу Ільіча”, а я, вучань Ракаўскай СШ, дасылаў у раёнку свае вершаваныя вопыты. Зразумела, ведаючы, што Мальдзіс сябруе з аўтарам “Каласоў пад сярпом тваім”, я не раз прасіў пазнаёміць мяне са славутым ужо на той час пісьменнікам. На пачатку лета 1966 года такая магчымасць з’явілася. Прычым, “выйшаў” на мяне сам Караткевіч. Праз Мальдзіса.

А справа была ў тым, што адзін з пляменнікаў Караткевіча, які заканчваў школу на Рагачоўшчыне, захацеў паступаць на філфак БДУ. Яшчэ і сёння правінцыяльныя, найперш вясковыя, школы, на жаль, па ўзроўні падрыхтоўкі вучняў не могуць параўняцца з гарадскімі. Што ўжо казаць пра той час! І дзядзька захацеў дапамагчы пляменніку – знайсці для яго кваліфікаванага кансультанта. Цяпер гэта называюць рэпетытарствам, тады, здаецца, і слова такое не ўжывалася, дый з’ява не была распаўсюджанай. “Кансультантам” – вядома, па парадзе Мальдзіса – павінен быў стаць я, тагачасны аспірант філфака БДУ. І вось аднойчы ў канцы мая 1966 года дзверы 341-га пакоя аспіранцкага інтэрната па вуліцы Кастрычніцкай, 2 шырока расчыніліся, і Мальдзіс, прапускаючы перад сабой высокага, стройнага, у белай вышыванай кашулі Караткевіча (яго я бачыў дагэтуль толькі здалёк на розных літаратурных сустрэчах), прамовіў з жартам:

— Прымай, гаспадар, нязваных гасцей, якія ўсё ж лепш… за татарына. Знаёмся: класік Караткевіч!

Забягаючы наперад, скажу: у сяброўскім коле мы ўсе нават у вочы звалі Караткевіча “класікам”. Ён не пярэчыў. Разумеў гумар, умеў сам пажартаваць, апрача таго, відавочна, ведаў сабе цану. Тады ж я ўважліва паглядзеў на Уладзіміра Сямёнавіча. Ці не прыме ён гэта слова за жарт, ці не ўсміхнецца? Не ўсміхнуўся.

Не буду казаць, што я не мог адмовіць Караткевічу ў ягонай просьбе. І хоць не меў я яшчэ выкладчыцкага вопыту, ніколі да гэтага не быў “рэпетытарам”, усё ж згадзіўся правесці з яго пляменнікам (з умовай: толькі “на грамадскіх пачатках”) некалькі ўрокаў-кансультацый па беларускай мове і літаратуры. Відаць, дзядзька хлопца быў задаволены тымі кансультацыямі, бо ўжо на пачатку жніўня падараваў мне сваю фотакартку з надпісам: “Дарагому Славу Рагойшу ад У. Караткевіча, які дужа яго паважае. 5.VIII.66. Менск”. А ў канцы таго ж года, у час нашай першай сумеснай паездкі ў Ракаў, уручыў мне свае “Вячэрнія ветразі” з наступнай дэдыкцыяй: “Дарагому Славу Рагойшу, міламу чалавеку – з падзякай – за ўсё. Ул. Караткевіч. 9.ХII.66”. Пляменнік Караткевіча аказаўся здольным, хоць і не зусім падрыхтаваным, юнаком. Ён даволі паспяхова (мяркую, не без маіх намаганняў) здаў уступныя экзамены, увогуле добра, дзякуючы працавітасці, правучыўся ва ўніверсітэце ўсе пяць гадоў, урэшце стаў выдатным настаўнікам роднай мовы і літаратуры, а пасля – і дырэктарам адной са школ у сваім прыдняпроўскім краі…

(Працяг будзе).

Вячаслаў РАГОЙША,

прафесар БДУ.

 



Добавить комментарий