Меркаванне: «Мой голас — за шчасце краіны, якую бязмежна люблю»

Общество

На Гагарынскім участку для галасавання № 1 першы выбаршчык з’явіўся ў 7 гадзін 45 хвілін. Ім стала жыхарка Валожына Марыя Паўлаўна ДУДАР. І адразу ж за ёй пачала ўтварацца невялікая чарга: у прыватнасці, да адкрыцця выбарчага ўчастка ў ёй стаялі ўжо восем чалавек – хтосьці спяшаўся на работу, а хтосьці ўсё-ткі разлічваў, што стане першым. Роўна ў 8 гадзін раніцы прагучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, пасля якога старшыня выбарчай камісіі Алена Іванаўна Клачко павіншавала членаў камісіі, назіральнікаў з пачаткам галасавання і пажадала, каб выбары прайшлі ў спакойнай абстаноўцы і ў адпаведнасці з Заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Безумоўна ж, першай бюлетэнь для галасавання атрымала М. П. Дудар, а пасля таго, як апусціла бюлетэнь, А. І. Клачко павіншавала яе і ўручыла невялікі падарунак. “Выбары для мяне, як для чалавека эпохі Савецкага Саюза, свята, ды яшчэ якое свята, – расказала Марыя Паўлаўна, – некалі мы адзначалі яго вельмі цудоўна. Адчуваю зараз невялікае прыемнае хваляванне: мяне павіншавалі і нават падарунак далі – на гэта не разлічвала і не спадзявалася. Не спіцца пенсіянеру ў такія гады, сёння ўжо ў чатыры раніцы была на нагах. Сняданак зрабіла, прыбралася і пайшла выконваць грамадзянскі абавязак. Свой голас аддала за мір, шчасце і дабрабыт роднай краіны, якую бязмежна люблю і якой ганаруся”.