ДЫРХЕМЫ – ПЕРШЫЯ ГРАШОВЫЯ СРОДКІ

Культура

Не так даўно нумізматычная калекцыя Валожынскага краязнаўчага музея папоўнілася новымі экспанатамі. Гэта эксклюзіўныя для нашай мясцовасці экспанаты – срэбныя дырхемы, якія хадзілі прыкладна ў 8-9 стагоддзях. У фондах краязнаўчага музея захоўваецца шмат эксклюзіўных экспанатаў. Менавіта пра іх сёння мы і распавядзём.

…На тэрыторыі Беларусі нярэдка знаходзяць клады срэбных манет з выявамі рымскіх імператараў і з лацінскімі надпісамі. Гэта рымскія дынарыі 1-3 ст. н. э. Паколькі гандаль у славян у той час яшчэ быў вельмі слаба развіты, вучоныя лічаць, што рымскія дынарыі выкарыстоўваліся не ў якасці грошай, а хутчэй за ўсё як матэрыял для рамеснікаў ці ўпрыгажэнні. У Афрыцы высока цаніўся старадаўні аўстрыйскі талер з выявай Марыі Тэрэзіі. У мусульман талісманам была венецыянская манета з выявай Хрыста і святога Марка, у Тыбеце – індыйская рупія з партрэтам каралевы Вікторыі.

У 8-9 ст. на Русі  з’яўляюцца дырхемы – буйныя срэбныя манеты з арабскімі надпісамі. Яны чаканіліся ў арабскім Халіфаце, а адтуль арабскія купцы прывозілі іх на тэрыторыю Кіеўскай Русі. Тут дырхем атрымаў рускую назву: яго сталі называць кунай ці нагатай, а палавіну куны – рэзанай. 25 кун складалі грыўну. У канцы 10 ст. у арабскім Халіфаце скарацілася чаканка срэбных дырхемаў, і прыток іх у Кіеўскую Русь аслабеў, а ў 11 ст. спыняецца наогул.

Дырхем – арабізіраваная назва грэчаскай грашовай адзінкі – драхмы. Эпітэт “куфічны” вядзе свой пачатак ад пісьма “куфі”, якое ўзнікла ў іракскіх гарадах ал-Куфе і ал-Басры ў 7 ст. і выкарыстоўвалася для выканання легенд на манетах краін Арабскага Халіфата.

Такім чынам, пісьмовыя крыніцы бясспрэчна засведчылі, што ў 9-10 ст. нашы продкі моцна праклалі дальнія шляхі на поўдзень (басейн Чорнага мора) і на паўднёвы ўсход (Каспійскі басейн).

Асартымент тавараў, якія вывозіліся Руссю ва ўсходнія краіны, быў разнастайны: мёд, воск, футра (собаль, бабёр, куніца, вавёрка, выдра, пясец, гарнастай, ліса), маржовыя клыкі, скуры, жывёла, свінец, нявольнікі, кальчугі і г. д. Імпарт быў прадстаўлены перш за ўсё срэбнай манетай, а таксама прадметамі раскошы – ювелірнымі вырабамі, каштоўнымі камянямі, люстэркамі і т. п.

Куфічныя дырхемы зак-лалі асновы рускай грашова-вагавай сістэмы. У кладах часта сустракаюцца розных памераў іх абрэзкі, а таксама цэлыя экзэмпляры з нажовымі разметкамі для наступнага разразання. Дырхемы і іх фрагменты сталі першымі грашовымі сродкамі Русі – нагатамі, кунамі, разанамі, вевярыцамі, якія ўпамінаюцца ў ранніх пісьмовых крыніцах.

Арабская манета настолькі трывала ўвайшла ў жыццё старажытнарускіх рынкаў, што вярнула да жыцця спробы мясцовай вытворчасці чаканіць дырхема. У 1891 г. каля вёскі Емянец Невельскага павета Віцебскай губерні была вынайдзена выразаная на камні форма для адліўкі такіх манет.

На тэрыторыі Беларусі зарэгістраваны 40 кладаў (больш за 16000 манет) і 54 адзінкавыя знаходкі дырхемаў. Большасць іх канцэнтруюцца ўздоўж цячэння Дняпра і Заходняй Дзвіны, гэта значыць па заходнерускаму адрэзку “шляху Варагаў у Грэкі”. Гэта і заканамерна: знакамітая водная магістраль працягласцю 2200 км, якая звязвала скандынаўскую Еўропу з Візантыйскай імперыяй і праходзіла асноўнай сваёй часткай праз Русь, абслугоўвалася манетамі арабскага Усходу.

“Адмова” рускіх рынкаў ад стаўшай ужо звыклай манеты была выклікана аб’ектыўнымі знешнімі абставінамі. На Усходзе наступіў так званы “крызіс срэбра”, які выявіўся ў вычэрпванні некалі багатых рудных радовішчаў. Акрамя таго, краіны Халіфата ўвайшлі ў паласу феадальнага драблення. Усё гэта прывяло да падзення на міжнароднай арэне значнасці арабскіх краін як моцных гандлёвых дзяржаў і да спынення імі экспарту манетнага срэбра.

Нягледзячы на інтэнсіў-насць як эканамічных, так і палітычных сувязей Русі з Візантыяй, манеты апошняй практычна адсутнічаюць ва ўсходнееўрапейскіх кладах 9-10 ст. Гэты факт выглядае асабліва незвычайным у свеце існавання з сярэдзіны 9 ст. “шляху з Варагаў у Грэкі”, – які, здавалася  б, павінен быў быць усеяны прадукцыяй канстанцінопальскага манетнага двара. Растлумачыць гэта можна, хутчэй за ўсё, тым, што маштабы грашовай эмісіі Візантыйскай імперыі былі зусім недастатковымі для таго, каб вывесці ў рад пастаўшчыкоў манеты на міжнародныя рынкі.

Манеты знаходзяць у кладах. А як і чаму ўтвараюцца клады?

Усё вельмі проста. Раней банкаў не было і ў часы любых хваляванняў – нападзенняў ворагаў, паўстання альбо стыхійнага бедства – людзі хавалі ўсё самае каштоўнае ў зацішных месцах. Вельмі часта здаралася, што гаспадар схаваных каштоўнасцей не мог вярнуцца за сваёй маёмасцю. Загінуў ён ці проста не знайшоў месца клада, так альбо інакш, – схаванае заставалася ў зямлі.

Для археолага клад – па-дарунак. Ён атрымліваў не адну выпадковую манету, а цэлы комплекс. Прычым усе гэтыя манеты схаваны ў адзін час, а значыцца, мелі адначасовае хаджэнне. Калі няма пісьмовых крыніц, па якіх можна зразумець абставіны скрывання клада, то яго датуюць па самай “маладой” манеце. Па манетных кладах можна ўдакладніць час выкарыстання манет, а гэта ў сваю чаргу дазволіць больш дакладна аднаўляць гістарычныя падзеі.

Галіна СЕНЧАНКА,

навуковы супрацоўнік

раённага музея.

 



Добавить комментарий