Меркаванне: выбары — падзея № 1 для кожнага

Общество

Старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Міхаіл Аркадзьевіч Невядомскі лічыць выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь падзеяй нумар адзін для кожнага чалавека. “Я, як інвалід па зроку, – зазначыў Міхаіл Аркадзьевіч, – магу працаваць і працую на дзвюх работах. А пасля таго, як мы падпісалі Канвенцыю аб правах інвалідаў, у кожнай арганізацыі будуць зарэзерваваны працоўныя месцы для інвалідаў, і кожны наймальнік будзе абавязаны прымаць такую катэгорыю людзей на работу.

Увогуле, у нашым раёне даволі шмат робіцца для людзей з абмежаванымі магчымасцямі: і пандусы, і такцільная плітка на пешаходных пераходах. Я 18 гадоў узначальваю раённую арганізацыю інвалідаў па зроку, мы вельмі цесна працуем з тэрытарыяльным цэнтрам, жыллёва-камунальнай гаспадаркай, іншымі арганізацыямі – усе ідуць нам насустрач. Зусім нядаўна ў Валожыне адкрыўся турыстычны і рэкрэацыйны цэнтр для інвалідаў – там зроблена ўсё для безбар’ернага асяроддзя.

У час правядзення выбарчай кампаніі мне дадому прынеслі спецыяльны ліст са шрыфтам Брайля, дзе надрукаваны ўсе кандыдаты, і я змог самастойна азнаёміцца з імі. А на выбарчым участку мне далі такі ж бюлетэнь з трафарэтам: жонка падвяла мяне толькі да кабінкі для галасавання, а вось сваё волевыяўленне я ўжо зрабіў без яе дапамогі”.