Голас памяці вяртаецца зноў

Культура

У жыцці кожнага чалавека здараюцца такія падзеі і эпізоды, якія западаюць у памяць і там назаўсёды застаюцца. Такім здарэннем у маім жыцці быў праваслаўны Вялікдзень, які прыпаў на апошнія дні сакавіка 1945 года. Тады я быў дваццацідвухгадовым салдатам Польскай Арміі, у складзе другога корпуса служыў у Італіі.
Неўзабаве другі корпус у досыць цяжкіх умовах вызваліў ад немцаў Балонію. Немцы ўжо не маглі сабрацца “да кучы”, адны здаваліся ў палон, іншыя – уцякалі на поўнач, бліжэй да Аўстрыйскай і Швейцарскай мяжы. Баі спыніліся. Нарэшце камандзіры другога корпуса змаглі даць адпачынак сваім падначаленым салдатам. А яны гэтага даўно заслужылі…
Набліжаўся праваслаўны Вялікдзень. Нехта ў штабе выдаў загад, згодна з якім усе жадаючыя маглі сабрацца ля падножжа гары ў Балоніі на ўрачыстае велікоднае богаслужэнне. Большасць салдат накіраваліся на вызначанае месца, дзе ўжо быў падрыхтаваны палявы святочны алтар. Зазначу, што 80, а можа і больш працэнтаў салдат другога корпуса Польскай Арміі былі выхадцы з Беларусі, астатнія – браты-ўкраінцы і нават крыху рускіх. На святочную літургію прыйшлі і воіны з іншых падраздзяленняў, пра што сведчылі адзнакі на іх рукавах. Запасныя палкі і батальёны пяхоты, сапёры, сувязісты, работнікі шпіталяў, прадстаўнікі транспартнай і гаспадарчай службаў сабраліся на святочнае хрысціянскае мерапрыемства. Тут прысутнічалі чыны ад радавых да палкоўнікаў уключна. Грудзі многіх былі ўвешаны баявымі ўзнагародамі.
Перад пачаткам літургіі, якую вялі тры праваслаўныя святары, старэйшы з іх звярнуўся да салдат з просьбай, каб усе з тых, хто калісьці ўдзельнічаў у царкоўным хоры, падышлі да алтара і дапамаглі яму ў песнапеннях. Набралася прыклада 20 энтузіястаў. Ваенны аркестр выканаў некалькі царкоўных гімнаў. У гэтым аркестры на трубе старанна выводзіў басы валожынец Уладзімір Карабан. Памятаю, што яго сям’я некалі жыла на Касцельнай вуліцы ў Валожыне, а перад іх хатай знаходзілася студня, з якой бралі ваду многія гараджане.
Выпадкова ў той дзень я сустрэў яшчэ пару знаёмых: Мікалая Белановіча з Валожына і майго дзядзьку Змітрака Куніцкага з вёскі Бурмакі. Напэўна, у складзе другога корпуса тады былі і іншыя мае знаёмыя, бо ўсяго там служыла нашых землякоў амаль трыццаць чалавек. Але дзе ж у такім вялікім натоўпе ўбачыш усіх сваіх знаёмых?!
Літургія прайшла надзвычай урачыста. Італьянскія католікі з вялікай цікавасцю прыглядаліся тады да парадку правядзення нашага праваслаўнага богаслужэння. Па ўсім было бачна, што ім вельмі спадабаліся нашы хрысціянскія вакальныя выступленні.

Мікалай МАХНАЧ,
ураджэнец горада Валожына і ўжо шмат гадоў грамадзянін Злучаных Штатаў Амерыкі.



Добавить комментарий