Каментарыі ад назіральнікаў

Общество

На Гагарынскім участку для галасавання № 1 па стане на 15 гадзін прагаласавалі 1347 выбаршчыкаў. За пяць дзён правядзення датэрміновага галасавання свой выбар зрабілі 618 выбаршчыкаў, ці 32 працэнты.

Як адзначыла старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Алена Іванаўна КЛАЧКО, у дзень выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь галасаванне ідзе досыць актыўна. “З раніцы назіралася больш людзей старэйшага ўзросту, – адзначыла яна, – а вось пад палудзень актывізавалася маладое пакаленне. У нас на ўчастку шмат выбаршчыкаў, якія галасуюць упершыню – кожнаму з іх уручаем невялікія сувеніры і паштоўкі ад Цэнтрвыбаркама, каб гэты дзень для іх застаўся надоўга ў памяці. За ходам галасавання сочаць 6 назіральнікаў: ад грамадскіх аб’яднанняў, ад грамадзян шляхам збору подпісаў, ад рэспубліканскага саюза грамадскіх аб’яднанняў “Беларускі камітэт маладзёжных арганізацый”, а таксама Маладзёжная лабараторыя сацыялагічных даследаванняў, прадстаўнікі якой па методыцы “экзітпол” праводзяць апытанне сярод выбаршчыкаў”.

Сярод назіральнікаў – Віктар Зянонавіч ПАДГАЙСКІ, дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў па Валожынскай выбарчай акрузе № 10. “У гэтым годзе дэпутатаў акрэдытавалі як назіральнікаў на выбарчых участках, — расказвае ён. – Увогуле, на Гагарынскім участку я галасую сам, таксама на гэтым участку не адзін год працаваў у складзе выбарчай камісіі. Калі ж гаварыць пра сённяшні дзень, назіраецца вельмі актыўная яўка насельніцтва: шмат маладых сем’яў з дзеткамі, людзі старэйшага ўзросту ідуць прыбраныя і з прыўзнятым настроем – па ўсім бачна важнасць гэтай падзеі. Грамадзяне разумеюць, што ад іх выбару залежыць наш далейшы лёс і будучыня нашай сінявокай незалежнай Беларусі. Што яшчэ заўважна: амаль ніхто не спыняецца каля стэнда з кандыдатамі ў Прэзідэнты – кожны ідзе мэтанакіравана са сваім выбарам. Таксама досыць часта каля ўрнаў можна ўбачыць невялікія чэргі”.

Антаніна Уладзіміраўна ТРАЦЭЎСКАЯ акрэдытавана ў якасці назіральніка ад раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання Таварыства Чырвонага Крыжа. “Сёння я ўжо чацвёрты дзень працую на ўчастку, – гаворыць яна. – Назіраю за жыхарамі горада Валожына. Парушэнняў ніякіх не заўважыла. Актыўныя ўсе, пазітыўныя, з добрым настроем. Людзі прыходзяць і кажуць: “Віншуем вас са святам!” Ужо адбыліся два канцэрты: спачатку з музычнымі нумарамі выступалі юныя гімназісты, а вось толькі што скончыўся канцэрт духавога аркестра Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Уладзіміра Грука. Цудоўныя песні і сама музыка! Працуе буфет, прадстаўлены райспажыўтаварыствам: можна пасядзець, выпіць кубачак кавы ці чаю”.