Да Літвы – больш хутка і камфортна

Главное

У нашым раёне з закладкі памятнага каменю стартавала маштабная рэканструкцыя аўтатрасы М7 Мінск – Ашмяны – мяжа з Літоўскай Рэспублікай агульнай працягласцю 106 кіламетраў.

У цырымоніі, якая прайшла 7 жніўня на развязцы дарог каля вёскі Шараі, прынялі ўдзел міністр транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь Аляксей АЎРАМЕНКА, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандр КРУЧАНАЎ, старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Дзмітрый
МАТУСЕВІЧ, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір ДЗЯШКО, старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген КРУКОВІЧ, прадстаўнікі дарожных прадпрыемстваў, падрадных і праектных арганізацый, мясцовых органаў улады.

У Мінскай вобласці пастаянна вядзецца работа па паляпшэнні дарожнай інфраструктуры як рэспубліканскага, так і мясцовага значэння. А М7 не проста рэспубліканская дарога – гэта сур’ёзны транспартны калідор, які звязвае паміж сабой Мінск і Вільнюс. Акрамя таго, яна ўваходзіць у склад сеткі міжнародных аўтатрас Садружнасці Незалежных Дзяржаў, а таксама еўрапейскага маршруту Е28, які злучае сталіцу Беларусі з іншымі еўрапейскімі сталіцамі.

Крэдыт на рэканструкцыю аўтатрасы памерам у 110 мільёнаў еўра выдзяліў Еўрапейскі інвестыцыйны банк. А тэндар выйграў дарожна-будаўнічы трэст горада Гомеля. Паведамленне аб прысуджэнні кантракту ўрачыста ўручыў генеральнаму дырэктару гэтай арганізацыі Аляксандру Пятрэнку яго калега з РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр» Васіль Глядко. У выніку гомельскія дарожнікі адбудуюць на тэрыторыі Міншчыны ўчастак шашы даўжынёй 45 кіламетраў, а затым перададуць эстафету калегам-падрадчыкам з Гродна.

Міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка ў інтэрв’ю журналістам сярод іншага адзначыў: у канчатковым выніку перасячэнне мяжы для нашых грамадзян стане куды больш камфотным, хуткім і бяспечным. А рэканструкцыю плануецца ажыццявіць па параметрах другой катэгорыі. Гэта азначае, што аўтадарогу пакінуць па-ранейшаму двухпалоснай, але ўмацуюць абочыны і масты, пакладуць трывалы асфальт, які вытрымае інтэнсіўны рух важкіх грузавікоў, мадэрнізуюць развязкі, пабудуюць пешаходныя пераходы і прыпынкі грамадскага транспарту. І прадпрымальнікам адкрыецца прастора для будаўніцтва аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу.

Рэканструкцыя таксама закране міжнародны пункт пропуску «Каменны Лог», які пасля завяршэння работ, па словах міністра, дазволіць падняць транспартны паток да 6 тысяч аўтамабіляў за суткі – у некалькі разоў больш, чым цяпер.

Завяршыць работы плануюць ужо ў наступным годзе.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА