Гонар дубінской зямлі

Аграрный сектор и промышленность Главное

Два камбайнавыя экіпажы-тысячнікі напачатку гэтага тыдня з’явіліся ў ААТ “Агра-Дубінское”: Юрый НОВІК і Ілля ГУНЬКО набралі запаветныя лічбы ў панядзелак вечарам, а Іван САЛОМКА і Павел НЕСЦЯРЭНКА – апоўдні ў аўторак.

Дырэктара гаспадаркі Генадзія Каспяровіча мы сустрэлі побач з лідарамі жніва на збожжавых палетках ля вёскі Порычы. Тут жа на адзвозцы зерня шчыраваў і вадзіцель “МАЗа” Міхаіл Паташ. Таму ў аб’ектыў патрапілі ўсе, бо разам уносяць уклад у агульны каравай.

Як расказаў Генадзій Вацлававіч, сёлета хлебаробам дапамагае сама матухна-прырода: “Надвор’е стаіць цудоўнае. Намалацілі ўжо 9,5 тысячы тон збожжа, убраны 85 працэнтаў плошчаў – спадзяюся, што да канца тыдня ўборку асноўных культур павінны завяршыць. Ураджайнасць будзе вышэй за мінулагоднюю – плануем выйсці на 45 цэнтнераў з гектара. Плён прынеслі ўсе культуры. Стараюцца, працуюць самааддана і камбайнавыя экіпажы: людзі падабраны вельмі адказныя, на полі – ад золку да змяркання. Вялікае дзякуй ім за нялёгкую працу, яны – гонар дубінской зямлі, ды і Валожыншчыны ўвогуле”.

Шчыра радуецца Г. Каспяровіч і поспехам свайго ўнука Паўла: сталічнага школьніка ўзяў у памочнікі перадавік Іван Саломка – юнак стараецца апраўдаць давер і не падвесці і настаўніка, і дзядулю.

Ужо ўвечары 12 жніўня да тысячнікаў далучыўся і сямейны экіпаж у складзе Валерыя і Людмілы Рагачэвічаў. Увогуле ж, кіраўнік упэўнены, што сёлетняе жніво прынясе поспех у тысячу тон шасці камбайнавым экіпажам.

Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА