Канцэпцыя: свет дзяцінства

Важное Общество

У Ракаве мноства прыгожых дамоў і дагледжаных падворкаў. Жыхары старажытнага населенага пункта – людзі творчыя, працавітыя, няўрымслівыя. Асабіста мне было б цяжка вызначыць, хто з дбайных гаспадароў перасягнуў астатніх па ўзроўні фантазіі, функцыянальнасці і эстэтыцы свайго жылля, каб не трапіла на ўчастак дома 39, што па вуліцы Мінскай. Анатолій Аляксеевіч БЕЛАКАБЫЛАЎ – чалавек, якому належыць уся гэта прыгажосць, сустрэў нечаканую госцю добразычліва, дазволіў рабіць фота, асабіста правёў экскурсію.

Толькі ступіла за вароты, аж дух захапіла – вось дзе работа праведзена! Здаецца: трапіла ў іншае вымярэнне. Адразу ўзгадала любімую казку Г. Х. Андэрсэна “Снежная каралева”. Памятаеце, там ёсць эпізод, калі Герда трапляе да бабулькі, што жыве ў казачным доміку, акружаным утульным садком і безліччу кветак. Вось прыкладна так я сабе гэта і ўяўляла. Аказваецца, мае асацыяцыі ўзніклі не на пустым месцы. Сапраўды, канцэпцыя такога дызайну бярэ вытокі з тэмы дзяцінства – у доме жыве трохгадовы хлопчык – сын гаспадароў Андрэй. Таму відавочна ўся прастора пабудоў і ўчастка вырашана любячымі бацькамі такім чынам, каб яму жылося цікава.

Тут усё прадумана: спалучэнне колераў, фактур і форм. Роспіс сцен фасада асноўнага дома адсылае да твораў Кіплінга, астатнія ж будынкі хутчэй пераклікаюцца з беларускімі народнымі казкамі. Літаральна паўсюль – казачныя героі, дрэвы, кусты і безліч кветак. Шыкоўная альтанка, яна ж – пясочніца, крэсла на спружыне, аўтамабіль “запарожац” у яркіх малюнках і ў выключным рабочым стане – усё зроблена для таго, каб юны нашчадак не толькі не сумаваў, а развіваўся фізічна і эмацыянальна.

Уражвае аздабленне памяшкання летняй кухні. Гэтак сціпла называе элегантны павільён сам гаспадар. Інтэр’ер у этнастылі, прыемны пах натуральнай драўніны і сапраўдная руская печ ствараюць неверагодную атмасферу ўтульнасці і цяпла.

Адведзена на ўчастку месца і для невялікага агарода. Там таксама поўны парадак і ўсё самае неабходнае – свежая зеляніна, агародніна, ягады.

Мой погляд затрымаўся на незвычайнай кампазіцыі з чатырох фігур, выкананых з металу. “Што гэта за “Бітлз” у Вас тут прапісаліся?” – пытаюся ў Анатолія Аляксеевіча. А ў адказ пачула: “Ведаеце, а гэта ж і сапраўды ліверпульцы. Я заўсёды захапляўся іх творчасцю. Вось і вырашыў мець куміраў паблізу”.

Так пачуццё густу, крэатыў і практычнасць, безумоўна падмацаваныя значнымі фінансавымі ўкладаннямі, прывялі да таго, што цудоўны творчы свет атрымаў сваё ўвасабленне на ўскрайку знакамітага мястэчка.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара