Генпракуратура: па кожным факце перавышэння ўлады праваахоўнікамі будзе праведзена аб’ектыўная праверка

Важное Закон и порядок

Згодна з інфармацыяй БелТА, у Генеральную пракуратуру паступаюць шматлікія заявы з патрабаваннямі ўзбудзіць крымінальныя справы па фактах перавышэння ўлады або службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі праваахоўных органаў.

«Згодна з парадкам, устаноўленым Крымінальна-працэсуальным кодэксам, гэтыя заявы накіроўваюцца ў Следчы камітэт для прыняцця рашэнняў па сутнасці. Па кожным факце будзе праведзена аб’ектыўная, поўная і ўсебаковая праверка. Органы пракуратуры ў адпаведнасці з кампетэнцыяй забяспечаць нагляд за законнасцю разгляду гэтых заяў», — праінфармавалі ў Генпракуратуры.

У тым ліку ў Генеральную пракуратуру звяртаюцца людзі, якія не могуць устанавіць месцазнаходжанне сваіх родных і блізкіх пасля масавых акцый, праведзеных на мінулым тыдні. Генпракуратура разам з МУС правяла работу па вызваленні грамадзян, затрыманых у парадку вядзення па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

«Практычна ўсе названыя асобы цяпер вызвалены», — адзначылі ў Генпракуратуры.

У наглядным ведамстве прадаставілі спіс грамадзян, якія адбываюць адміністрацыйны арышт. Інфармацыя будзе абнаўляцца і дапаўняцца.

Фота БелТА