ДЗЯРЖЗАКАЗ ВЫКАНАЛІ!

Общество

Прыемная навіна, якая прыйшла з ААТ “Манькаўшчна”, з шэрага тых, што паведамляюцца ў першую чаргу: дзяржзаказ па здачы піваварнага яравога ячменю выкананы на 200 працэнтаў і гэта, як паведаміў кіраўнік гаспадаркі С. У. Бягун, яшчэ не канчатковая лічба. Плануецца, што на фінішы яна павялічыцца ў два разы.

Сёлета пад гэту перспектыўную культуру ў гаспадарцы адвялі амаль 400 гектараў. Поспех хлебаробаў закладваўся яшчэ ўвесну, калі вопытны механізатар Юрый Такушэвіч правёў сеў ячменю ў аптымальны тэрміны. Потым своечасова і якасна была праведзена аграхімія. На кожны гектар унеслі па 60 умоўных адзінак азотнага ўгнаення, па 70 – фосфарнага, па 120 – калійнага.

Дружныя ўсходы аказаліся ўстойлівымі да капрызаў надвор’я, таму да жніва каласы добра наліліся і не паддаліся палегласці. У выніку ўраджайнасць склала 36 цэнтнераў з гектара, што для зямель гаспадаркі з’яўляецца рэкордным.

У засекі дзяржавы працаўнікі ААТ “Манькаўшчына” павінны былі здаць 300 тон піваварнага ячменю, па факту зараз здадзена  627 тон, і ход жніва паказвае, што гэта лічба ўзрасце да 1000. Радуе і высокая якасць зерня, утрыманне бялку – 11,2 адзінкі. Спецыялісты сцвярджаюць, што такі паказчык самы аптымальны.

Цёплых слоў падзякі і пахвалы заслугоўваюць тыя, хто рупіўся на збожжавай ніве. Як зазначыў кіраўнік гаспадаркі, кожны з шасці экіпажаў камбайнераў папрацаваў на ячмені на поўную аддачу. А вось найлепшыя вынікі паказалі Сяргей Лукашэвіч і Артур Гідлеўскі, Пётр і Вадзім Літвіны, Васіль Гідлеўскі і Андрэй Суша. Не падводзілі камбайнераў і вадзіцелі – Васіль Суша, Валерый Гідлеўскі, Васіль Валадкевіч.

Героі жніва з тэмпу не збіваюцца і спадзяюцца, што сёлетні год стане добрым прыкладам на будучае.

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий