Даведзеныя да адчаю

Важное Общество

Суіцыд, а іншым словам самагубства, з’яўляецца праблемай, якая палохае сваёй актуальнасцю і маштабнасцю. Штогод рахунак з жыццём зводзяць больш за мільён чалавек з усёй планеты ва ўзросце ад 15 да 44 гадоў. Асноўная прычына такога адчайнага рашэння – дэпрэсія, стрэс, расчараванне, канфлікты і комплексы.

Вельмі высокая магчымасць стаць самагубцам у грамадзян, якія злоўжываюць алкаголем, хранічных наркаманаў і таксікаманаў. Часам заўчасна легчы ў магілу рашаюцца цяжкахворыя людзі, псіхапаты, а таксама тыя, хто страціў роднага чалавека. Здараецца, што жыццё камусьці апастылела пасля разводу, фінансавых страт і немагчымасці вырвацца з кола матэрыяльных праблем.

Як не жахліва, але ад суіцыду не застрахаваны нават дзеці. Да гэтага іх прыводзяць крыўды на бацькоў, настаўнікаў, пратэсты супраць нейкіх забаронаў і правіл, адзінота, сорам, незадаволенасць сабой, безадказнае каханне.

Памятайце, што ад самагубства можна засцерагчы! Калі вы ўважліва будзеце ставіцца да тых, хто побач, праяўляць цікавасць да іх унутранага свету, дапамагаць у рашэнні праблем, выказваць словы падтрымкі, то трагедыі не здарыцца. Заўсёды паўтарайце, што рана ці позна любыя цяжкасці адыходзяць.

Калі вы даведаліся, што нехта з вашых знаёмых дапускае магчымасць накласці на сябе рукі, то абавязкова папярэдзьце аб гэтым яго родных, сяброў. Нават калі такую інфармацыю вам выдалі па вялікім сакрэце і прасілі нікому не гаварыць! Паверце: калі ваш субяседнік загіне, вы ўсё жыццё будзеце ўшчуваць сябе, што не адгаварылі яго…

А для тых, хто носіць у сабе суіцыдальныя думкі, хачу нагадаць: смерць – гэта выбаўленне ад жыцця, а не спосаб пазбавіцца ад болю. Заглушыць боль можна рознымі шляхамі. Вы іх абавязкова знойдзеце, як толькі пачнеце разумна, без спешкі разважаць. Памятайце, што час і сапраўды лечыць: у гэту хвіліну здаецца, што свет рухнуў для вас назаўсёды, а праз дзень ці тыдзень вастрыня пытання прытупіцца. Верце людзям, прасіце ў іх дапамогі, нарэшце, можна звярнуцца да псіхолага.

Трапіўшы ў бязвыхадную (на вашу думку) сітуацыю, патэлефануйце ў службу экстраннай дапамогі. “Тэлефон даверу” – 170 (адзіны са стацыянарнага тэлефона).

Арцём ГУЛЬБА,
старшы следчы раённага
аддзела Следчага камітэта