Замяшчальная сям’я

Важное Общество

Старасць, як пэўны перыяд жыцця чалавека, спалучае ў сабе асноўныя праблемы медыцынскай, асабістай і сацыяльнай сфер. Перад людзьмі ўзнікае шмат праблем, што звязана з адчуваннем адзіноты і непатрэбнасці грамадству.

На вялікі жаль, па розных прычынах не ўсе пажылыя людзі могуць правесці старасць у любячым сямейным коле сярод родных і блізкіх людзей. Праблема сацыяльнай абароненасці адзінокіх грамадзян патрабуе актыўнага ўдзелу грамадства. Вырашыць яе стала магчымым дзякуючы стварэнню замяшчальных сем’яў для пажылых людзей.

Замяшчальная сям’я – інавацыйная форма абслугоўвання, альтэрнатыва стацыянарным установам (дамам-інтэрнатам). Сутнасць яе ў тым, што фізічная асоба можа аказваць сацыяльныя паслугі паўналетняму непрацаздольнаму грамадзяніну ва ўмовах сумеснага пражывання і вядзення агульнай гаспадаркі.

Скарыстацца сацыяльнымi паслугамi ў форме замяшчальнай сям’i дадзена права грамадзянам, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі, а менавіта – адзінокім, непрацуючым інвалідам 1 або 2 групы і адзінокім непрацуючым грамадзянам, што дасягнулі 70-гадовага ўзросту, за якiмi не здзяйсняецца догляд асобай, якая атрымлiвае дапамогу па доглядзе за iнвалiдам 1 групы або асобай, што дасягнула 80-гадовага ўзросту, з якiмi не заключаны догавор рэнты або дагавор пажыццёвага ўтрымання.

Сацыяльныя паслугі аказваюцца на падставе заключанага дагавора аказання сацыяльных паслуг пры наяўнасці ў непрацаздольнага грамадзяніна адпаведных медыцынскіх паказанняў і адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў. Памочнікам (той, хто аказвае паслугі) можна стаць ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў пры ўмове, што чалавек, які аказвае паслугі, не з’яўляецца сваяком непрацаздольнага чалавека i iнвалiдам 1 цi 2 групы.

У выпадку, калі паслугі аказваюцца інваліду 1 групы, памочніку пажылога чалавека ў замяшчальнай сям’і прадугледжана ўзнагароджанне ў памеры да 100% бюджэту пражытачнага мінімуму.

Бюджэт замяшчальнай сям’і фарміруецца і расходуецца па згодзе бакоў, але пажылы чалавек не павінен аддаваць у бюджэт замяшчальнай сям’і больш чым 75% свайго даходу.
Месца пражывання сям’і вызначаецца па месцы жыхарства пажылога грамадзяніна ці яго памочніка па ўзаемнай згодзе.

На дадзены момант у Валожынскім раёне сацыяльныя паслугі ў форме замяшчальнай сям’і атрымлівае адна адзінокая грамадзянка. Але спадзяёмся, што гэты від паслуг стане больш запатрабаваным.

Калі вы зацікаўлены ў аказанні сацыяльных паслуг у форме замяшчальнай сям’і ці жадаеце атрымаць сацыяльныя паслугі, званіце, прыходзьце, мы будзем рады супрацоўніцтву!
Дзяржаўная ўстанова “Валожынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” знаходзiцца па адрасе: г. Валожын, вул. Міру, д. 8, тэл.: 68105, 68075, 68113.

Таццяна ЯРОТА,
загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ДУ “Валожынскі ТЦСАН”