Папраўкі ў закон аб дарожным руху якія прызначаны палегчыць жыццё вадзіцелям

Важное Закон и порядок

Дэпутаты актывізавалі падрыхтоўку закона аб дарожным руху. Плануецца, што ён будзе разгледжаны ў першым чытанні на асенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў. Папраўкі прызначаны палегчыць жыццё радавым вадзіцелям. Аб гэтым  паведаміў старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Ігар Камароўскі.

Большасць парламентарыяў шмат часу праводзяць за рулём, таму пытанні рэгулявання сферы дарожнага руху разглядаюць не толькі з пазіцыі заканадаўца, але і з пункту гледжання звычайнага вадзіцеля, адзначыў Ігар Камароўскі. «Карэкціроўкі, якія цяпер прапануюцца ў закон аб дарожным руху, прызначаны аблягчыць жыццё вадзіцелям, вырашыць шэраг спрэчных пытанняў правапрымянення, выключыць лішнія адміністрацыйныя працэдуры і бар’еры», — сказаў ён.

Так, уводзіцца працэдура выдачы міжнародных вадзіцельскіх пасведчанняў, прадугледжаных Канвенцыяй аб дарожным руху ад 8 лістапада 1968 года. Такая неабходнасць абумоўлена пэўнымі цяжкасцямі, якія ўзнікаюць у беларускіх грамадзян за мяжой. Для рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых у Саюзнай дзяржаве, уносяцца дапаўненні, якія захоўваюць права грамадзян Расійскай Федэрацыі кіраваць транспартнымі сродкамі на падставе свайго нацыянальнага пасведчання вадзіцеля да заканчэння тэрміну яго дзеяння. «Гэта чарговы крок па збліжэнні заканадаўстваў Беларусі і Расіі ў частцы пытанняў забеспячэння аднолькавых правоў грамадзян», — растлумачыў Ігар Камароўскі.

У законапраект уключаны нормы, якія дазваляюць здаваць квалiфiкацыйныя экзамены і атрымліваць права кіравання аўтамабілем толькі з аўтаматычнай каробкай пераключэння перадач, што значна прасцей, чым з механічнай.

МУС даюцца паўнамоцтвы вызначаць участкі дарог, дзе забараняецца вучыць ваджэнню. У сувязі з гэтым адпадзе неабходнасць у тым, каб суб’екты гаспадарання ўзгаднялі з ДАІ маршруты для практычнай вучобы. «Скасоўваецца кантроль за выкананнем парадку правядзення дзяржтэхагляду на дыягнастычных станцыях, парадку прадастаўлення паслуг па падрыхтоўцы, перападрыхтоўцы і павышэнні кваліфікацыі вадзіцеляў і выкананне іншых наглядных функцый», — дадаў парламентарый.

Законапраект вызначае асноўныя параметры дарожнага руху, правядзенне яго маніторынгу. Гэтыя функцыі прапануецца ўскласці на Міністэрства транспарту і камунікацый, а таксама на мясцовыя ўлады.

«Паняцце арганізацыі дарожнага руху ўдакладняецца за кошт вызначэння прынцыповай мэты — балансу бяспекі і эфектыўнасці дарожнага руху. Такі падыход паказаў высокую выніковасць пры рэалізацыі канцэпцый забеспячэння бяспекі дарожнага руху, — звярнуў увагу дэпутат. — Акрамя таго, адносна дарог агульнага карыстання прадугледжваецца ў пэўных выпадках прыняцце іх уладальнікамі рашэння аб змяненні арганізацыі дарожнага руху. Гэта павінна павысіць аператыўнасць рэакцыі на існуючую дарожную абстаноўку».

Апошнім часам сярод беларусаў становяцца папулярнымі мотаўсюдыходы, снегаходы і г.д. Разам з тым сёння не вызначаны парадак допуску асоб да кіравання такімі сродкамі перамяшчэння. Таму прапануецца ўнесці адпаведныя дапаўненні ў закон.

Ігар Камароўскі нагадаў, што законапраект ужо зведаў значныя змяненні. Так, з яго былі выключаны нормы, што датычацца бальнай сістэмы, якая прадугледжвала налічэнне штрафных балаў за парушэнне правіл дарожнага руху. Яна не была падтрымана грамадскасцю і кіраўніком дзяржавы.

Згодна з інфармацыяй БелТА