Філасофія аптымісткі: Не адкладваць жыццё на пасля

Главное Люди и судьбы

У цяперашні прагматычны час энтузіястаў, гатовых ускласці на сябе клопат пра тых, хто побач, знойдзецца няшмат. Аднак амаль кожны з нас здольны адчуваць павагу і захапленне да асоб, чыю дзейнасць без перабольшання можна назваць справай міласэрнасці.

Падчас урачыстасці, прысвечанай Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Святу горада, за развіццё валанцёрскага руху на тэрыторыі Валожыншчыны Падзякай старшыні райвыканкама адзначана Антаніна Уладзіміраўна ТРАЦЭЎСКАЯ. Высокая ацэнка работы ў кірунку дапамогі людзям прыемна ўразіла актыўную жанчыну, якая 35 гадоў узначальвала цэнтр творчасці дзяцей і моладзі і ўжо пяць гадоў стаіць на чале раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа.

– Антаніна Уладзіміраўна, высокая адзнака прафесійнай дзейнасці ў Вашым жыцці відавочна чарговая?
– За работу ў Чырвоным Крыжы – першая. Усё, што атрымлівала раней, было за заслугі ў галіне выхавання дзяцей і моладзі. Грамат, падзяк, дыпломаў маю шмат, але ніводную з узнагарод не лічу толькі сваёй. Яны належаць камандзе, лідарам якой была так доўга. Я праз гады ўпэўніваюся ў справядлівасці прымаўкі “Адзін у полі не воін”, свята веру ў сілу і моц зладжанага, згрунтаванага калектыву. І ў Чырвоным Крыжы я не адна. Побач – мноства спагадлівых, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй людзей. Кожнага ў той ці іншай ступені можна называць валанцёрам. Адны ахвяруюць грашовыя сродкі, другія прыносяць рэчы, трэція дапамагаюць гэта сабраць, размеркаваць, нават разнесці па неабходных адрасах і г. д. Карыстаючыся магчымасцю, усім, хто ўнёс пэўную лепту ў нашу справу, хачу сказаць шчырае дзякуй. Не магу не адзначыць самаахвярнасць свайго намесніка, члена абласнога савета арганізацыі, стваральніка атрада “Прымула” (Дорская школа) Таццяны Кулік-Панарад, першую памочніцу Зою Гусакоўску і кожнага, хто мае дачыненне да нашай арганізацыі.

– Наколькі важна для чалавека быць ацэненым?
– Выключна важна. Яшчэ ў дзяцінстве мы імкнёмся да таго, каб нас пахвалілі. Гэта ж такі стымул для дасягнення пэўных вышынь. Я, напрыклад, вельмі залежу ад думкі іншых людзей. Магчыма вытокі такога светапогляду ў самых юных гадах.

– Бацькі прывучылі да павышанай адказнасці? Таго ж патрабавалі ад Вас?
– Амаль што. І тата, і маці былі настолькі працавітымі і адказнымі, што нас з братам прывучылі ўсё выконваць на “выдатна”. Мне вельмі хацелася, каб родныя мной ганарыліся, таму вучылася старанна. Амаль з першых класаў школы мроіла прафесіяй педагога. Сяброўкі збіраліся станавіцца медыкамі, гандлёвымі работнікамі, мне ж было дзіўна. Не разумела: як гэта не хацець працаваць у школе, дзе столькі магчымасцей для рэалізацыі сваіх талентаў. Таму філалагічны факультэт БДУ – мой свядомы выбар, пра які ніводнага разу не пашкадавала.

– Вы па адукацыі філолог, але ж выкладалі няшмат.
– Так. Урокі не вяду даўно. У Дом піянераў (так называўся наш цэнтр у савецкі час) трапіла амаль выпадкова. Чароўны свет творчасці літаральна захапіў. Вельмі хутка адчула: вось жа яно, маё месца! Калі даверылі пасаду кіраўніка, перажыла і хваляванні, і гонар, і падтрымку зладжанага, дружнага калектыву. За больш чым тры дзясяткі гадоў навучылася быць адміністратарам, рэжысёрам, псіхолагам, адказваць за гаспадарку. Паступова развіла ў сабе дыпламатычныя здольнасці. Каб цэнтр функцыянаваў вынікова, неабходна было наладжваць трывалыя дзелавыя сувязі з безліччу людзей – кіраўнікамі ўстаноў адукацыі і іх намеснікамі, педагогамі-арганізатарамі і многімі іншымі.

– Антаніна Уладзіміраўна, мы даўно знаёмыя. Лічу Вас чалавекам мудрым, цярплівым, цудоўным перамоўцам. Няўжо заўсёды ўдавалася пазбягаць канфліктаў?
– Удавалася, але не ўсіх. І ўсё ж я дрэннае стараюся не ўспамінаць. Тым больш, што час заўсёды кожны жыццёвы эпізод расстаўляе па сваіх месцах. Мне падабаюцца людзі, прычым розныя. Стараюся да кожнага ставіццца як мінімум з разуменнем. Калі ж хтосьці настроены да мяне агрэсіўна, лёгка гэта перажыву. Не, ні ў якім разе не скажу, што абыякавая да такіх момантаў, але жыццё яны мне не атручваюць. Упэўнена: добрых людзей больш, і я – адна з іх (смяецца).

– Аднойчы прачытала выраз: “Станоўчы ў асабістым жыцці чалавек не можа быць дрэнным начальнікам”. Што думаеце наконт падобнай фармуліроўкі?
– Схіляюся да таго, каб пагадзіцца. Мая логіка простая: сям’я – галоўная каштоўнасць, і калі чалавек гэта ўсведамляе, значыць ён разумны, а калі разумны, можа кіраваць іншымі людзьмі.

– Прабачце, можа закрану балючае. Вы перажылі вялікую страту…
– Так, трагічна пайшоў з жыцця каханы муж. Мы былі зусім маладымі. Сын і дачка – маленькія. Здавалася, наперадзе – толькі шчасце. Выдатна складваліся і кар’ерныя, і асабістыя пытанні. Іосіф быў маёй вялікай любоўю. Яго смерць раскалола жыццё на “да” і “пасля”. Але нават на краі адчаю я разумела: трэба жыць дзеля дзяцей.

– Тым не менш, Вам удалося стварыць новую сям’ю.
– Пра такі паварот нават і не думала. Валодзю сустрэла выпадкова. У яго на той час за плячамі таксама быў груз перажыванняў і страт. Абаім хацелася падтрымкі і цяпла. Гэта было дарослае каханне, што нарадзілася пасля працяглай дружбы. 10 гадоў з першым мужам і 30 з другім – розныя гісторыі, але яны і ёсць маё жыццё. Зараз у нас на дваіх чацвёра дзяцей, трое ўнукаў. Як кажуць, ёсць дзеля каго жыць.

– Як родныя ставяцца да Вашай прафесійнай дзейнасці?
– Пахвалюся: мяне любяць і паважаюць. Ад дзяцей чую прапановы часцей адпачываць. Ды і муж магчыма б хацеў, каб я больш часу праводзіла з ім. Толькі для мяне гэта рана. Справа ў тым, што для кожнага надыходзіць свая пара станавіцца дарослым, уступаць у шлюб, запісвацца ў пажылыя… Я шчаслівая тым, што дагэтуль запатрабаваная і працую ў сваім любімым цэнтры педагогам-арганізатарам па рабоце з дзіцячымі грамадскімі арганізацыямі. Безумоўна, калі атрымала прапанову ўзначаліць Чырвоны Крыж, расхвалявалася. Сумнявалася, ці патрэбна мне штосьці новае, але ў тым, што справа гэта высакародная, была ўпэўнена заўсёды. Прыродная няўрымлівасць дапамагла прыняць станоўчае рашэнне. Зараз, калі прайшлі гады, разважаю так: каб не спраўлялася, было б даручана іншаму чалавеку, ды і Падзяку ад райвыканкама мне наўрад ці ўручылі б.

– Вам ніколі не хацелася заняцца чымсьці такім, дзе самі сабе былі б і начальнікам, і падначаленай?
– О, не! Я – чалавек камандны. Дарэчы, цудоўна ўмею выконваць распараджэнні кіраўніцтва, прыслухоўвацца да парад калег, дапамагаць ім. А пра тое, які з мяне лідар, не мне выказвацца.

– Мы з вамі 10 гадоў рабілі адну справу (у маю бытнасць намеснікам па выхаваўчай рабоце СШ № 2). Таму, напэўна, маю права сказаць камплімент: супрацоўнічаць з Вамі асабіста і з Вашай камандай для мяне было задавальненнем.
– Я таксама з прыемнасцю ўзгадваю той перыяд. Увогуле з удзячнасцю ўспамінаю ўсіх, з кім давялося ўзаемадзейнічаць.

– Работа ў кірунку развіцця дзіцячай творчасці вымушала працаваць у выхадныя дні. Калі знаходзілі час на хатнія клопаты, зносіны з сям’ёй?
– Заўсёды сцвярджаю: трэба менш даваць сабе волі, тады ўсё будзеш паспяваць, і, як кажуць, ніводнай гадзіны на дрэннае не будзе. Пасля работы – хутчэй дадому. Тэлевізар – дазіравана. Дарэчы, у мяне ёсць дача, на якой з мужам працуем ад душы. Уявіце сабе, я ніколі не валяюся на канапе. Стараюся кожную хвіліну прысвячаць карысным справам.

– Але ж выглядаеце цудоўна…
– А гэта ўжо генетыка, плюс здаровы лад жыцця.

– Касметыка, дыеты, фітнес?
– Ды што Вы! Чыстая вада, вырашчаныя сваімі рукамі садавіна, агародніна, ягады і звычайныя, але бясконцыя клопаты заўзятых дачнікаў.

– У Вас, Антаніна Уладзіміраўна, іншага выйсця няма, як выглядаць молада. Наколькі мне вядома, маеце незвычайную ўзнагароду – “Ганаровы піянер Беларусі”.
– Сапраўды так. І, хто б што не думаў, па-сапраўднаму ганаруся ёй. Канешне, зараз піянерская арганізацыя – не тое, што ў нашым дзяцінстве. Гэта ж якая асалода ўспомніць піянерскія кастры, урачыстыя лінейкі з вынасам сцяга, пасяджэнні савета дружыны… Але і цяперашні піянерскі рух лічу карысным. Тут галоўнае, каб на чале яго стаялі сапраўдныя энтузіясты, як, напрыклад, большасць педагогаў-арганізатараў. Тым дзецям, хто жадае знайсці станоўчае прымяненне сваёй энергіі, занятасць у грамадскай рабоце абавязкова дапаможа ў пошуку сябе. Сённяшнія піянерскія справы, такія, як КВІЗы, адпавядаюць сучаснасці.

– Чырвоны Крыж адымае шмат часу?
– І часу, і сіл. Але зараз, з вопытам, калі ўжо стварыла сваю сістэму работы, нават атрымліваю асалоду ад гэтай дзейнасці. Вельмі ўдзячная за падтрымку начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вікенцію Адамовічу, галоўнаму спецыялісту Лідзіі Маляўкінай, кіраўнікам арганізацый, прадпрымальнікам. Шчасце, што на нашай зямлі столькі спагадлівых і шчырых людзей.

– Антаніна Уладзіміраўна, дайце параду, як жыць, каб кожны дзень прыносіў задавальненне, ні перад кім не было сорамна, добра адчуваць сябе душэўна і фізічна і пры гэтым шыкоўна выглядаць.
– Цаніце кожнае імгненне жыцця. Ведайце, шчасце – такая справа: вось яно ёсць, вось ужо і няма. Не чакайце заўтрашняга дня, жывіце сёння і зараз, любіце і паважайце сябе і тых, хто побач.

– Шчырае дзякуй Вам за гутарку і Ваш бязмежны аптымізм.

Гутарыла Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара