Не забыта, што ў час вайны перажыта

Культура

У гады Вялікай Айчыннай вайны нашы землякі праявілі лепшыя чалавечыя якасці – стойкасць, мужнасць і сапраўдны патрыятызм. Валожыншчына ператварылася ў партызанскі край: на тэрыторыі дзейнічалі партызанскія брыгады Баранавіцкага злучэння. Ва ўрочышчы Курыныя Грады дыслацыравалася кіраўніцтва партызанскага руху Баранавіцкай вобласці, Валожынскі і Івянецкі падпольныя райкамы партыі і камсамола.
Больш за 1000 воінаў і партызан аддалі свае жыцці ў баях за вызваленне Валожынскай зямлі. 923 валожынцы загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. У разгром фашысцкай Германіі свой важкі ўклад унеслі нашы землякі – Герой Расіі Аляксей Мікалаевіч Бацян, генералы Міхаіл Фаміч Букштыновіч і Антон Іосіфавіч Гасціловіч, а таксама тысячы простых салдат і афіцэраў.
ВЕРАЛОМНАЕ НАПАДЗЕННЕ
Няспынна, як вада ў рацэ, адзін за адным бягуць гады. Усё далей у гісторыю адыходзяць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікамі і сведкамі якіх былі нашы прадзеды, дзяды і бацькі. Усё менш застаецца жывых сведкаў гісторыі.
22 чэрвеня 1941 года ў 4 гадзіны фашысцкая Германія, парушыўшы Дагавор аб ненападзенні, вераломна напала на Савецкі Саюз. Для гітлераўскай Германіі не існавала ніякіх міжнародных норм і правілаў. З першых дзён вайны Беларусь стала арэнай цяжкіх, крывавых баёў. На тэрыторыю нашай рэспублікі наступала самая моцная групоўка вермахта – армія «Цэнтр». Вораг рваўся на ўсход, праз Валожын – на Мінск. Заходняя Асобая ваенная акруга адразу была ператворана ў Заходні фронт. Усімі сіламі войскі Чырвонай Арміі стараліся стрымаць наступленне агрэсара.
На адрэзку фронту Ліда-Ашмяны змагалася з пераўзыходзячымі сіламі ворага 24-ая Самара-Ульянаўская жалезная стралковая дывізія на чале з генерал-маёрам Кузьмой Мікітавічам Галіцкім. Штаб дывізіі размяшчаўся ў Маладзечне, а палкі – у Валожыне, Вілейцы, Смаргоні і іншых месцах. Напярэдадні вайны ў Валожыне дыслацыраваўся 168-ы стралковы полк, якім камандаваў Сяргей Іванавіч Партноў.
22 чэрвеня са штаба Акругі паступіў загад 24-ай стралковай дывізіі неадкладна выступіць у раён горада Ліды. Была пастаўлена задача выйсці да Ашмян і арганізаваць абарону горада супраць 19-ай нямецкай дывізіі. Нягледзячы на колькасную перавагу ў жывой сіле і тэхніцы, немцы ў баях пад Ашмянамі панеслі вялікія страты. Упершыню пасля Заходняй Еўропы гэта варожая групоўка сустрэла адпор. Аднак сітуацыя складвалася так, што ад абароны Ашмян прыйшлося адмовіцца і адступаць у напрамку сталіцы.
Пасля налёту варожай авіяцыі і абстрэлу артылерыі 25 чэрвеня 1941 года перадавыя танкавыя і пяхотныя часці вермахта з боку Вішнева ўварваліся ў Валожын. 26 чэрвеня яны акупіравалі тэрыторыю раёна, 27 чэрвеня быў захоплены Івянец.
ГАДЫ АКУПАЦЫІ
На тэрыторыі, захопленай нямецкімі войскамі, быў устаноўлены акупацыйны рэжым. Не было ніводнага населенага пункта, дзе б ні з’яўляліся ахвяры «новага парадку». За шматвекавую гісторыю Валожыншчына бачыла многа заваёўнікаў і прыгнятальнікаў, але па зверствах і жорсткасці ў адносінах да мірнага насельніцтва гітлераўцы пераўзышлі ўсіх.
Каля дарог і чыгункі былі размешчаны нямецкія апорныя пункты, адкуль акупанты праводзілі карныя аперацыі, рабілі налёты на вёскі, рабавалі, захоплівалі моладзь для адпраўкі на прымусовыя работы ў Германію. Ваенна-палявая камендатура, пад маркай бяспекі ў тыле нямецкай арміі, без суда і следства знішчала камуністаў, членаў іх сем’яў, яўрэйскае насельніцтва. Таксама бязлітасна караліся мясцовыя жыхары за дапамогу, аказаную ваеннапалонным, яўрэям, за сувязь з партызанамі.
Вось толькі невялікі пералік зверстваў фашыстаў на тэрыторыі нашага раёна. У гестапаўскіх засценках у Валожыне былі замучаны, а затым расстраляны на гары Высокай каля тысячы чалавек. Валожынскага жыхара Р. І. Каваленку расстралялі толькі за тое, што хаваў савецкага воіна-акружэнца. За сувязь з партызанамі ў пасёлку Івянец карнікі расстралялі Казіміра Эдмундавіча і Люцыю Вільгельмаўну Дзяржынскіх. Летам 1942 года за сувязь з партызанамі такая ж кара напаткала жыхароў вёскі Камень Вацлава і Юзэфу Янушкевічаў, у вёсцы Сіняя Гара фашысты расстралялі савецкіх актывістаў Антона Мацвеевіча Караніка і Антона Антонавіча Юроіця. У 1943 годзе ў вёсцы Бялякі расстралялі дзве партызанскія сям’і Максіма Скляповіча і Уладзіміра Бараноўскага (сем чалавек), у маі 1944 закатавалі партызанскую сям’ю І. І. Рубацкага (жонку і чацвёра дзяцей), у вёсцы Бурбаўшчына замучылі, а затым расстралялі партызанскую сям’ю Эвеліны Адамаўны Чаброўскай: чацвёра дзяцей загінулі на яе вачах, а самой жанчыне, параненай у плячо, удалося выратавацца з палаючага дома.
Адна з самых жахлівых старонак фашысцкай акупацыі – вырашэнне яўрэйскага пытання. У ліпені 1941 года асобы яўрэйскай нацыянальнасці былі адселены ў гета, створаныя ў Валожыне, Івянцы, Вішневе, Ракаве і Забрэззі. За 1941-1942 гг. там было знішчана каля 6 тысяч ні ў чым не вінаватых савецкіх людзей. Некаторым з вязняў гета ўдалося вырвацца з рук катаў, іх хавалі, рызыкуючы ўласным жыццём і жыццём сваіх родных, простыя беларусы, вяскоўцы. Пасля вайны такім людзям краіна Ізраіль прысвоіла званне “Праведнік народаў свету”.
…Гэта страшная трагедыя адбылася ў 10 кіламетрах ад Івянца. Нямецкія карнікі ўварваліся на хутар Антона Антонавіча Дзядзейкі, які быў партызанскім сувязным і разведчыкам. Па даносу здрадніка яны шукалі партызан, а не знайшоўшы, пачалі катаваць жонку Марыю Казіміраўну і іх дзяцей. Азвярэлыя фашысты падпалілі хлеў і жывымі кінулі ў агонь трохгадовага Юзіка і пяцігадовага Франака, затым расстралялі іх маці, дачку Антаніну і сыноў Віцю, Стася, Бронюся. Хату падпалілі таксама. Цудам застаўся ў жывых толькі адзінаццацігадовы сын Іван.
ПАРТЫЗАНЫ – БЕЛАРУСКІЯ СЫНЫ
Ужо летам 1941 года пачалі стварацца падпольныя групы. Асновай іх станавіліся камандзіры, палітработнікі і байцы Чырвонай Арміі, што ў сілу розных прычын апынуліся ў тыле гітлераўскіх войск. Яны вялі таксама агітацыйную работу сярод насельніцтва. 13 красавіка 1942 года дзве такія падпольныя групы аб’ядналіся ў партызанскі атрад пад кіраўніцтвам І. П. Кузняцова. З пашырэннем партызанскага руху складваліся новыя формы фарміраванняў – брыгады і злучэнні. На тэрыторыі нашага раёна дзейнічала Баранавіцкае партызанскае злучэнне, якое ўзначальваў ваенна-аператыўны аддзел Баранавіцкага падпольнага абкама КП(б)Б на чале з першым сакратаром В. А. Чарнышовым (падпольная мянушка “Платон”).
У Налібоцкай пушчы былі створаны два аэрадромы: летні ва ўрочышчы Печышча і зімні на возеры Кромань, куды самалёты з Вялікай зямлі дастаўлялі партызанам боепрыпасы, зброю, медыкаменты.
З мая 1942 па ліпень 1944 года на часова акупіраванай тэрыторыі дзейнічалі 9 партызанскіх брыгад (55 атрадаў), 4 асобныя атрады і адна спецгрупа агульнай колькасцю звыш 8 тысяч народных мсціўцаў.
СВЕТЛЫ ДЗЕНЬ ВЫЗВАЛЕННЯ
Валожын і тэрыторыя раёна цалкам былі вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 5-7 ліпеня 1944 года сіламі 3-яй і 18-ай гвардзейскіх танкавых брыгад, 2-ой гвардзейскай мотастралковай брыгады 3-га Беларускага фронту з дапамогай партызан Баранавіцкага злучэння.
Усяго за гады вайны нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі на Валожыншчыне 64 вёскі і сотні хутароў, спалілі 2793 двары, забілі 8857 грамадзян, вывезлі на катаржныя работы ў Германію 1671 чалавека.
У лютым 1945 года рашэннем Валожынскага райвыканкама была створана камісія па ўвекавечванню памяці загінуўшых у час Вялікай Айчыннай вайны. Неабходна было прывесці ў належны парадак магілы і пахаванні, зарэгістраваць (з указаннем імён загінуўшых, месцаў захавання), спісы перадаць у райвыканкам да 1 красавіка 1945 года. З таго часу мінула 65 гадоў. Брацкія магілы і асобныя пахаванні напамінаюць нашчадкам пра вайну, да іх не зарастаюць сцежкі, над імі трымаюць пастаяннае шэфства піянеры і актывісты маладзёжных арганізацый, працоўныя калектывы.

Мечыслаў НОВАК.



Добавить комментарий