«ГАНЧАРСТВА ПАВІННА СТАЦЬ ІВЯНЕЦКІМ БРЭНДАМ»,

Культура

—    такую думку выказаў старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, прафесар, доктар мастацтвазнаўства Яўген Міхайлавіч Сахута, адкрываючы VI рэгіянальнае свята-конкурс майстроў ганчарства “Гліняны звон”, якое прайшло ў мінулую суботу ў Івянцы.

Нягледзячы на несуцяшальныя прагнозы сіноптыкаў, Івянец сустрэў гасцей і ўдзельнікаў свята цудоўным летнім надвор’ем: без дажджу, з яскравым сонцам, а часам і прыемнай прахалодай. Ды і само месца правядзення мерапрыемства – былая сядзіба памешчыка Драгунцава з векавымі ліпамі, каменнымі будынкамі – не проста веяла даўніной, але і запрашала вярнуцца да традыцый, да напаўзабытага рамяства нашых продкаў. Дзевяць раёнаў вобласці прывезлі на конкурс сваіх майстроў.  На свяце пабывалі намеснік старшыні Мінаблвыканкама В. У. Шчэцька і начальнік аддзела культуры А. Л. Акушэвіч.

За чатыры гадзіны, адведзеныя для спаборніцтваў, можна было ўвачавідкі пабачыць, як звычайны кавалак гліны ва ўмелых руках майстра ператвараецца ў прыгожую рэч. Усе зробленыя вырабы, а гэта каля 50 сапраўдных твораў мастацтва, былі выстаўлены на чатырох сталах: і не толькі члены журы, але кожны з прысутных мог ацаніць работу. Сярод вырабаў пераважала дробная пластыка, а вось на ганчарным крузе працавалі толькі маладыя майстры з Івянца і майстар-прафесіянал Лагойскага раёна. Дарэчы, каля іх пастаянна збіралася самая большая колькасць прысутных.

Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 47 чалавек, якія прадставілі звыш 60 работ. І ніводзін з канкурсантаў не застаўся незаўважаным журы. Вынікі былі падведзены па 11 намінацыях, дзе ў кожнай вызначыліся свае дыпламанты і лаўрэаты. Прыемна адзначыць, што ганчары з Івянца атрымалі 6 заслужаных узнагарод. Так, у намінацыі “За хуткасць, якасць і большую колькасць вырабаў за адведзены прамежак часу” дыпламантамі прызнаны тры маладыя керамісты: Сяргей Качына, Яўген Серафімовіч і Валерый Лапа, а лаўрэатам стаў Уладзімір Зялёнка. Максім Каробкін атрымаў дыплом у намінацыі “За лепшы выраб дэкаратыўнай глінянай пластыкі”. Дыплом лаўрэата і каштоўны падарунак у намінацыі “Лепшаму сямейнаму калектыву ганчароў – майстроў-керамістаў” быў уручаны Алегу Капусту. А вось Ілля Андронаў, Ілля Дашко, Аляксей Мойса і Уладзімір Сасноўскі атрымалі заахвочвальныя дыпломы за ўдзел у конкурсе.

Падводзячы вынікі, старшыня журы Я. М. Сахута адзначыў, што калісьці Івянец быў ганчарнай сталіцай, і ён павінен адрадзіць сваю былую славу. Бо менавіта тут жыве пераемнасць на сямейным узроўні, што дае магчымасць жыць і развівацца любому рамяству. Прыемна і тое, што большая частка ўдзельнікаў – гэта дзеці, некаторым з якіх усяго па 5-6 гадоў: здавалася б, яны і гліны ў руках яшчэ добра трымаць не ўмеюць, а якія прыгожыя цацкі вылепілі.

Свята гліны і агню праходзіла на Івянецкай зямлі ўжо ў трэці раз, таму не выпадкова прагучала прапанова надалей праводзіць яго менавіта ў гэтым мястэчку. Дарэчы, ідэю падтрымала і кіраўніцтва Мінаблвыканкама. Больш таго, будзе прапрацоўвацца пытанне, каб у Івянцы наладзіць рэспубліканскае свята ганчарства, бо лепшага месца і жадаць не трэба.

Алена ЗАЛЕСКАЯ.

Фота Ігара ЛЯВІНСКАГА.

 



Добавить комментарий