Хутка ў школу

Важное Молодежный курьер

1 верасня ў 10.00 ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі раёна запланавана правесці ўрачыстыя лінейкі.

Падрыхтоўка да пачатку новага навучальнага года завяршаецца. Ужо падпісаны 14 сертыфікатаў (пашпартоў) гатоўнасці школ. Рэканструкцыя Івянецкай сярэдняй школы працягнецца да канца жніўня, пасля чаго і тут будзе праведзена прыёмка.

Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Валожынскага райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Крыкала гаворыць, што 1 верасня рабят сустрэнуць абноўленыя пасля рамонту класы, калідоры, сталовыя, бібліятэкі, спартыўныя залы. Усяго ў 2020-2021 навучальным годзе ў раёне прадоўжаць працаваць 15 устаноў агульнай сярэдняй, 8 дашкольнай, 1 спецыяльнай, 2 дадатковай адукацыі і 1 сацыяльна-педагагічны цэнтр. Па папярэдніх даных, сёлета на Валожыншчыне будуць атрымліваць веды 4661 хлопчык і дзяўчынка, у тым ліку ў 1 клас пойдуць 378 дзяцей, у 10 клас – 182 вучні, а дашкольныя ўстановы стануць наведваць 1200 рабят.

Адукацыйны працэс будуць ажыццяўляць 712 педагогаў. У жніўні ў раён прыходзяць па размеркаванні 35 маладых спецыялістаў (20 – з вышэйшай адукацыяй, 12 – з сярэдняй спецыяльнай, 3 – з прафесіянальна-тэхнічнай, 1 – з самастойным працаўладкаваннем). Усяго ў сістэме працуюць 1137 работнікаў.

На падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года з раённага бюджэту на бягучы рамонт выдаткавана 389 тысяч рублёў.

Па праграме Сусветнага банка развіцця на правядзенне работ па аб’екце “Капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі ДУА “Івянецкая сярэдняя школа” выдаткавана 835 тысяч рублёў. На дадзены момант там працягваецца рамонт мяккага даху на цэнтральным будынку, а таксама падлогі першага паверха, замена дзвярных палотнаў у класных пакоях першага паверха. Выкананы работы па прыладцы маланкааховы, па дэмантажы старога і мантажы новага асвятлення тэрыторыі ўстановы.

Да пачатку навучальнага года набыта абсталявання на 332 тысячы рублёў. Праведзена праверка вытворчага і тэхналагічнага абсталявання.

На працягу ўсяго лета вяліся работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Бягучы рамонт праводзіўся на 12 аб’ектах: гімназіі № 1 г. Валожына, СШ № 1 і СШ № 2 г. Валожына, Багданаўскім, Сакаўшчынскім, Гародзькаўскім, Пяршайскім, Пугачоўскім, Яршэвіцкім ВПК, Ракаўскай СШ, яслях-садзе № 2 “Вясёлка”, яслях-садзе № 3 “Пралеска”.

Касметычны рамонт адбыўся ва ўсіх 27 установах адукацыі раёна. На яго выкарыстана 21030 рублёў пазабюджэтных сродкаў. На набыццё тэхналагічнага абсталявання, мэблі і спартыўнага інвентару – 105600 рублёў з раённага бюджэту.

Першачарговая задача, якая сёння стаіць перад навучальнымі ўстановамі, – стварыць бяспечныя ўмовы для дзяцей. Для гэтага праведзены наступныя супрацьпажарныя мерапрыемствы: набыты 77 самаратавальнікаў на суму 5205,82 рубля, абсталяванне для аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі на суму 900 рублёў, забяспечана перадача інфармацыі пра пажар на пульт дыспетчарызацыі “Маланка” ў ЦКРНіР на суму 0,4 тысячы рублёў, праведзена перазарадка 48 вогнетушыцеляў на суму 0,4 тысячы рублёў.

Сёлета запланавана выплаціць аднаразовую дапамогу да навучальнага года 495 сем’ям, якія выхоўваюць трох і больш дзяцей, гэта – 1035 хлопчыкаў і дзяўчынак. Агульная сума дапамогі складзе 62100 рублёў.

Наш кар.