У вялікай сям’і – вялікія зборы

Важное Молодежный курьер

Падрыхтоўка да школы… Нават у мяне, дарослага чалавека, які даўно развітаўся з уласным дзяцінствам і з дзяцінствам сына, словазлучэнне выклікае пэўныя хваляванні. Як прыемна было школьніцай наведваць магазін канцылярскіх тавараў, а ў новай карычневай сукеначцы з белым фартушком здавацца сабе сапраўднай прыгажуняй.

Дарэчы, падрыхтоўка да 1 верасня ў кожнай сям’і арганізуецца па-рознаму. Асабліва цікава гэта робіцца там, дзе колькасць юных нашчадкаў, што гатовы сесці за парты, даходзіць да пяці. Зазірнём у дом Ганны і Сяргея ЛІНКЕВІЧАЎ з Валожына. Клапатлівыя бацькі павінны ў бягучым годзе адправіць на вучобу двух студэнтаў і трох школьнікаў. Ох, і нялёгкая гэта справа! Без пэўнага крэатыву і выключнай працавітасці не абысціся. Як патлумачыла матуля Ганна, купіць усё новае не рэальна. Таму перш-наперш праходзіць сапраўдная рэвізія рэчаў, што засталіся з мінулага года. Штосьці рамантуецца, адбываецца перадача “спадчыны”. Затым дзеці складаюць дэталёвыя спісы таго, што неабходна набыць, вывучаюць цэны ў розных гандлёвых кропках з улікам зніжак і розных акцый. Каб пакупкі былі якаснымі і служылі доўга, Лінкевічы ніколі не купляюць самыя танныя тавары. А з грашамі пры такой колькасці дзяцей няпроста. Вось тут на першы план выходзіць уменне кожнага з іх працаваць. Моладзь літаральна ўвесь ягадны сезон займаецца нарыхтоўкай чарніц. Напрыклад, Іван – сёння ўжо студэнт-першакурснік БНТУ, будучы інжынер – зарабіў 700 рублёў, браты і сястрычка трошкі адсталі ад самага спрытнага прадстаўніка іх каманды, але, каб сабрацца ў школу, сродкаў дастаткова. У мінулым годзе грошай хапіла і на школьныя затраты, і на набыццё рэчы, пра якую марылі даўно. Юныя Лінкевічы на ўласныя сродкі купілі батут. Зараз гэта – агульнасямейны спартыўны трэнажор і забава.

Першага верасня, як і Іван, на студэнцкую лаву сядзе трэццякурснік БДАТУ Раман, які імкнецца да спецыяльнасці інжынера-энергетыка. А вось Серафіма, Васіля (11 і 10 класы адпаведна) чакаюць парты сярэдняй школы № 2, іх сястрычку Варвару – гімназічныя. Па старэйшых браціках і сястрычцы, калі тыя будуць на занятках, дома будзе сумаваць маленькая Кацюша. Дзяўчынцы да першага класа яшчэ тры гады, але ўжо сёння яна з цікавасцю вучыць літары і лічбы – рыхтуецца. Яе рэпетытары, вядома ж, – усе старэйшыя.

Вялікая сям’я Лінкевічаў вельмі рацыянальна, сапраўды па-гаспадарску ставіцца да арганізацыі быту. Тут не грэбуюць дапамогай добрых людзей. З цяплом узгадваюць падтрымку добразычлівых прыхаджан з Гародзькаў, Лоска, Пяршаяў, Даўбеняў. Да таго ж трымаюць гаспадарку, а падобная справа – значнае ўмацаванне агульнага бюджэту.

Вечарам, калі сямейнае кола амаль у поўным саставе (адсутнічаў Уладзімір, па спецыяльнасці інжынер-праекціроўшчык, зараз нясе тэрміновую службу ў валожынскай часці) сабралася ў вялікім утульным доме, пакоі напоўніліся шумам, рухам, пахам вячэры, што традыцыйна аб’ядноўвае шчырых людзей за агульным сталом. Але, перш чым гэта адбылося, моладзь прадэманстравала мне школьны скарб. Ён пакуль складае працэнтаў 50. Галоўныя пакупкі, такія як адзенне і абутак, яшчэ наперадзе.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара