Акцыя “За Беларусь” прайшла ўчора ў Валожыне

Главное Общество

У падтрымку міру, спакою і грамадскай згоды цяпер праходзяць шматлікія і шматлюдныя мітынгі па ўсёй краіне. Учора ў 18.00 на плошчы Свабоды райцэнтра прайшла акцыя “За Беларусь”. На яе сабраліся людзі, якія выступаюць за стабільнасць у нашай дзяржаве, падтрымліваюць узяты цвёрды курс на суверэнітэт і незалежнасць і не жадаюць разладу ў грамадстве.

Да мікрафона на падрыхтаванай пляцоўцы падыходзілі старшыня райвыканкама Яўген Міхайлавіч Круковіч, прадстаўнікі розных арганізацый, неабыякавыя людзі.

Кіраўнік раёна ў прамове сярод іншага адзначыў: “Я рады, што столькі нашых землякоў неабыякавыя да няпростага становішча, якое склалася сёння ў нашай Радзіме. Апаненты стараюцца дабіцца спынення заводаў і фабрык. Але, як бачым, у іх гэта не атрымліваецца: наш мудры народ прывык зарабляць уласнай сумленнай працай і ведае, што лёгкіх грошай не бывае. Мы з вамі – за мірную Беларусь. За Беларусь, якая за 26 гадоў суверэнітэту ні аднаго свайго сына не адправіла ў іншую краіну са зброяй прыносіць некаму боль і пакуты. Дык давайце ж не дапусцім, каб хтосьці прынёс гэтыя пакуты нам!”

Выступоўцы, падкрэсліваючы ўсё пазітыўнае, што беларусы за чвэрць стагоддзя здабылі сваімі рукамі, сыходзіліся ў адным: перамены патрэбны, але ніяк не шляхам “каляровых” рэвалюцый, гвалту і эканамічнага разбурэння. У адказ на выступленні гучалі авацыі: “За Беларусь”, “За бацьку”, “За мір”.

Напрыканцы акцыю падтрымаў добрым творам з сімвалічнай назвай «Мы — единое целое» Народны гурт народнай песні «Сваякі» раённага Цэнтра культуры.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА