Статыстыка ведае ўсё

Важное Общество

23 жніўня сваё прафесіянальнае свята ў соты раз адзначаць работнікі дзяржаўнай статыстыкі.

У нашым раёне падлік супольнага гаспадарання і грамадскага жыцця пачаўся ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Тады ўся статыстыка вялася ўручную, спецыялісты літаральна танулі ў папяровым моры. У аддзел бясконца ішлі людзі са справаздачамі, даведкамі, пацвярджэннямі, іншымі дакументамі. Асабліва карпатлівым быў сельскагаспадарчы ўчастак: 17 сельвыканкамаў, 27 калгасаў і саўгасаў пастаўлялі інфармацыю пра здачу збожжа, прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства. Нярэдка работнікам статыстыкі даводзілася прыносіць дадому квартальную справаздачу. Але, нягледзячы на цяжкасці, у калектыве заўсёды панавала добразычлівая атмасфера. Спрыялі гэтаму выдатныя кіраўнікі, якія пакінулі пра сябе добрую памяць: Вікенцій Пятровіч Сокал, Васіль Сцяпанавіч Станілевіч, Пётр Пятровіч Іваноў. Зоя Рыгораўна Сівая давала маладым калегам парады не толькі ў прафесіянальным плане, але і вучыла наладжваць партнёрскія сувязі, а таксама быць спраўнай гаспадыняй дома. І таму валожынскі аддзел заўсёды быў у ліку лепшых.

Вельмі змянілася работа аддзела статысткі пры Вацлаве Аляксандравічу Харуку – ім былі закуплены камп’ютары. Тэхніка на 90 працэнтаў замяніла руціну статыстыкі.
Сёння ў раёне працуе невялікі калектыў аддзела статыстыкі, якім кіруе вопытны і высокаадукаваны чалавек – Галіна Эдуардаўна Малажавая. У яе падначаленні – намеснік Святлана Міхайлаўна Пятровіч, галоўны спецыяліст Вольга Анатольеўна Пасека, спецыяліст па даследаванні Ала Яўстаф’еўна Мыслявец. А былі часы, калі толькі эканамістаў у штаце было шэсць, адзін інжынер, 5 аператараў, у кожным калгасе абавязкова функцыянавалі філіялы з аператарамі.

Назапашаны вопыт папярэднікаў – Марыі Уладзіміраўны Голуб, Таццяны Васільеўны Сухадолец, Алімпіяды Лукінічны Сплендар, Ніны Васільеўны Тамковіч, Вольгі Аляксандраўны Палоўнік, Тамары Уладзіміраўны Кулак – дапамагае супрацоўнікам аддзела ў сучаснай рабоце. Яны выдатна ведаюць, аналізуюць і накіроўваюць у вышэйстаячыя ўстановы інфармацыю пра работу аграпрамысловага комплексу і перапрацоўчай прамысловасці Валожыншчыны, функцыянаванне аб’ектаў сацкультбыту і колькасныя характарыстыкі грамадскага стану, эфектыўнасць прыватнага бізнесу і паўсядзённыя клопаты асобнага чалавека. Акрамя ўліку і збору праўдзівых звестак, статыстыка забяспечвае выкананне важнейшых дзяржаўных праграм. Напрыклад, такіх, як перапіс насельніцтва.

З нагоды стагадовага юбілею, за эфектыўную работу і старанне Падзякай начальніка Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Мінскай вобласці сёлета будзе ўзнагароджана галоўны спецыяліст Вольга Анатольеўна ПАСЕКА (на здымку – першая злева). Жадаем ёй, а таксама яе калегам толькі станоўчай інфармацыі, якая б сведчыла пра эканамічны рост і дабрабыт нашага грамадства.

Алена ЗБІРЭНКА,
фота аўтара