Вучыць любіць матэматыку – царыцу навук

Главное Молодежный курьер

Педагог – прызванне, якое патрабуе ад чалавека з аднаго боку ўсіх яго сіл, здольнасцей, намаганняў, а з іншага – любові, пяшчоты, разумення.

Ужо ў дзяцінстве настаўнік матэматыкі сярэдняй школы № 2 г. Валожына Алена Аляксандраўна КЕРБЕДЗЬ вызначыла для сябе, што будзе вучыць дзяцей. На такі выбар паўплывала цікавасць да прафесіі і любоў да прадмета. З вялікай павагай яна ўспамінае свайго класнага кіраўніка і настаўніка матэматыкі Лідзію Пятроўну Уланчык, якая дала выдатныя, трывалыя веды і паказала правільны жыццёвы напрамак.

Між іншым, калі дзяўчынка вучылася яшчэ ў пятым класе, матуля аднаго з аднакласнікаў напісала пра яе верш:

Наша Кухарева Лена –
очень добрая душа.
Знаю, Лена, непременно
стать учителем должна.
И понятно, что дословно
хочет Лена походить
На Вас, Лидия Петровна,
ну чего уж тут хитрить.

Пасля заканчэнне з залатым медалём школы бацька ўзяў Алене накіраванне на вучобу на настаўніка пачатковых класаў, але дзяўчыне вельмі хацелася выкладаць матэматыку і, пакуль мужчына падчас падачы дакументаў у БДПУ імя М. Танка на некалькі хвілін адышоўся, яна хуценька са сваёй чаргі пераскочыла ў іншую. Пра тое, што так зрабіла, родным распавяла толькі пасля здачы экзамену, па якім, дарэчы, атрымала пяцёрку. Бацькі вельмі перажывалі, каб дачка паступіла, бо конкурс быў даволі вялікім. У выніку мара Алены Аляксандраўны споўнілася, і праз пяць гадоў малады спецыяліст з чырвоным дыпломам распачала сваю працоўную дзейнасць у Сакаўшчынскай сярэдняй школе. Праз год яна перайшла ў СШ № 2 г. Валожына, дзе выкладае матэматыку да цяперашняга часу.

У дружным і творчым калектыве ўстановы яшчэ больш умацавалася яе любоў да абранай прафесіі. Вопытныя калегі заўсёды, чым маглі, дапамагалі, аказвалі падтрымку, таму станаўленне маладога настаўніка праходзіла ў цёплай, добразычлівай атмасферы.

Алена Аляксандраўна Кербедзь – педагог па прызванні, надзвычай творчы і ініцыятыўны чалавек. Яна пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых ідэй, імкнецца да ўдасканальвання прафесійнага майстэрства, адказна ставіцца да вынікаў сваёй працы. Яе ўрокі заўсёды цікавыя і змястоўныя. Настаўнік мае грунтоўную тэарытычную падрыхтоўку, у працы выкарыстоўвае самыя эфектыўныя метады, сродкі, формы і прыёмы навучання, дзякуючы чаму матэматыка становіцца захапляльнай і даступнай для разумення. Індывідуальны падыход спрыяе развіццю здольнасцей хлопчыкаў і дзяўчынак, і школьнікі з задавальненнем спасцігаюць цудоўны свет лічбаў, задач і прыкладаў.
За 20 гадоў сваёй педагагічнай дзейнасці наша гераіня не расчаравалася ў абранай прафесіі, наадварот, прыкіпела да яе душой. Яна любіць дзяцей і матэматыку, якая здаўна лічыцца царыцай навук, бо патрэбна ў любой прафесіі. Яе апантанасць прадметам перадаецца і вучням.

Вялікую ўвагу Алена Аляксандраўна надае алімпіяднай і навукова-даследчай рабоце са школьнікамі, дзе рабяты паказваюць добрыя вынікі – становяцца дыпламантамі і пераможцамі. Настаўнік вышэйшай катэгорыі выкладае ў профільных класах. Працуе на вынік. На ЦТ яе выпускнікі набіраюць высокія балы. З дзецьмі, якія хочуць ведаць прадмет больш дасканала, працуе на факультатыўных занятках. Ужо шмат гадоў запар па суботах вядзе міжшкольны факультатыў для розных класаў. У мінулым годзе па выніках конкурсу “Настаўнік года Валожынскага раёна” яна заваявала званне лаўрэата.

Сёлета ў сярэдняй школе № 1 г. Валожына распачне сваю працоўную дзейнасць у якасці настаўніка матэматыкі былая вучаніца Алены Аляксандраўны – Марыя Данько. Педагог задаволена, што падрыхтавала сабе дастойную змену. Наогул, яе заўсёды радуе і хвалюе, калі ў школу прыходзяць былыя вупускнікі, што вучацца ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, расказваюць, што ім там лёгка даецца матэматыка, і дзякуюць за гэта любімаму настаўніку.

Алена Аляксандраўна гаворыць, што яна – шчаслівы чалавек, таму што займаецца цікавай і любімай справай, мае магчымасць пастаянна мець зносіны з дзецьмі, незвычайнымі і непрадказальнымі, назіраць за іх сталеннем і развіццём. Школа для яе – самае жыццярадаснае і вясёлае месца ў свеце.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара