Важна бачыць асобнае меркаванне па некаторых пытаннях — парламентарый

Общество Официально

«Важна бачыць асобнае меркаванне па некаторых пытаннях. Калі ёсць праблемы – дапамагаць іх вырашаць», — падзяліўся меркаваннем дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Маладзечанскай сельскай выбарчай акрузе № 73 Алег СЕМЯНЧУК на сустрэчы з калектывам Ракаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната. Размова праходзіла ў нефармальнай абстаноўцы на пляцоўцы каля адміністрацыйнага будынка.

Напачатку дэпутат адзначыў, што, дзякуючы, у тым ліку, і работнікам гэтай медыка-сацыяльнай установы, ён быў абраны ў парламент і ўжо больш за паўгода займаецца заканатворчай дзейнасцю. У Палаце прадстаўнікоў ён з’яўляецца намеснікам старшыні пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях – прымае самы непасрэдны ўдзел у распрацоўцы і прыняцці законапраектаў, якія тычацца сацыяльнай абароны. Па словах Алега Аляксеевіча, каб закон стаў дзейсным, трэба, каб прапановы ішлі знізу – ад людзей, а не зверху. Хацелася б, каб яны былі патрэбныя, а не думаць, як іх абысці, а таксама, каб усе іх выконвалі.

Закранаючы праект закона “Аб правах інвалідаў”, над якім цяпер працуюць дэпутаты, вялікая нагрузка ляжа на сістэму сацыяльнай абароны: у прыватнасці, прадугледжваецца, што будзе суправаджэнне інвалідаў яшчэ да прызнання групы інваліднасці, напісання праграмы рэабілітацыі, пасля яе рэалізацыя, садзейнічанне ў працаўладкаванні. Будзе ўстаноўлена квота на стварэнне рабочых месцаў для такой катэгорыі людзей. Закон ідзе не так проста, бо ён зусім новы і досыць складаны, хочацца туды больш і больш унесці прапаноў. Адразу ўсё не атрымліваецца, але дэпутацкі корпус стараецца зрабіць па максімуме. Адной з новых прапаноў грамадскіх арганізацый стала ўключэнне беларускай жэставай мовы для выкарыстання перакладу для глуханямых. Такой мовы ўвогуле не існуе – проста ў народзе яна склалася і ёсць. Парламентарыі разам з грамадскімі работнікамі запэўнілі і ўводзяць такое паняцце, а міністэрству адукацыі давядзецца распрацаваць беларускую жэставую мову, каб навучаць у далейшым перакладчыкаў і г. д.

Звычайна праблемы з працаўладкаваннем маюць моладзь, маладыя матулі, пажылыя людзі – наймальнікі лічаць, што з такімі катэгорыямі могуць быць праблемы з выхадам на работу, і не ахвотна бяруць іх. Таму разглядаецца, якія змены можна ўнесці ў закон “Аб занятасці”: у чалавека павінны быць гарантыі ад дзяржавы, што ён зможа дапрацаваць да пенсійнага ўзросту, і ўпэўненасць у заўтрашнім дні ў маладога работніка.

Акрамя прыняцця законаў, у паўсядзённай дзейнасці дэпутата адводзіцца тыдзень у месяц на работу ў акрузе – для сустрэчы з калектывамі, з насельніцтвам, каб бачыць асобнае меркаванне па некаторых пытаннях, калі ёсць праблемы – дапамагаць іх вырашаць. У абавязкі дэпутата не ўваходзіць, напрыклад, заасфальтаваць, правесці ці пабудаваць, але адстойваць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў ён абавязаны і будзе.

Падчас сустрэчы дэпутат закрануў тэмы паслання Прэзідэнта да беларускага народа і Нацыянальнага сходу, выбарчай кампаніі, эпідэміялагічнай сітуацыі, адзначыўшы, што кіраўнік дзяржавы ў сваім звароце асобна падкрэсліў ролю сістэмы сацыяльнай абароны, якая ў прамым сэнсе выратавала састарэлых і адзінокіх пажылых грамадзян у такі складаны час. Немалая заслуга ў гэтым кірунку і калектыву Ракаўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната.

Прысутныя змаглі задаць народнаму абранніку хвалюючыя пытанні: у прыватнасці, людзям хацелася б палепшыць інфраструктуру Ракава – назіраецца недахоп месцаў у дзіцячым садку, няма куды пайсці адпачыць моладзі і сем’ям з дзецьмі. Сапраўднай праблемай з’яўляецца якасць пітной вады і ўвогуле водазабеспячэнне, назіраецца праблема ў транспартным забеспячэнні паміж аграгарадком і райцэнтрам. Пры гэтым вялікую падзяку выказалі за дарогі, што зроблены апошнім часам. Таксама былі і жадаючыя пагутарыць асабіста.

У гэты ж дзень Алег Семянчук сустрэўся з работнікамі спартыўна-аздараўленчай базы “Галактыка”, што пад Ракавам. Установа працуе па гаспадарчым разліку і з-за каранавіруса пазбавілася на некаторы час наведвальнікаў, што адмоўна адбілася на эканамічнай сітуацыі самой базы і працуючых. Болевую кропку людзі абмярковаўлі разам з дэпутатам.

Алена ЗАЛЕСКАЯ, фота Сяргея БОБРЫКА