Усяму можна навучыцца – было б жаданне!

Важное Общество

На сёлетнім Свяце горада Вікенцій Міхайлавіч і Ядвіга Сігізмундаўна ВАРЫГІ з Івянца былі ўзнагароджаны Падзякай старшыні райвыканкама за ўзорнае ўтрыманне, азеляненне і добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі.

Жыве сям’я па завулку 1 Мая, 2. Яшчэ здалёк іх дом вылучаецца яркай ліловай фарбай, рознакаляровым дываном кветак, незвычайнымі кампазіцыямі і шыкоўнай тэрасай, якую, дарэчы, гаспадыня пабудавала-зрабіла сама. Так-так, не здзіўляйцеся, яна так і сказала: “Ніхто не паверыць, але гэта мае рукі! Праўда, муж дапамагаў – падвозіў-падаваў будаўнічыя матэрыялы, а вось плітку, тратуарныя дарожкі клала адна. Лазню хлопцы крылі: людзі дзівяцца, а я да іх з малатком лезу, а пасля і парылку, і ўнутранае абшалёўванне рабіла самастойна. Калі галава і рукі на месцы – усяму можна навучыцца, было б жаданне”.

Я. С. Варыга нарадзілася 23 лютага. Бацька вельмі хацеў сына, але Бог паслаў яму пецярых дачок. Тым не менш, разам з каляндарным святам Ядвізе Сігізмундаўне перадаліся мужчынскія якасці: і характар, і хваткі, і здольнасці. Пра такіх, як яна, гавораць: “Коня на скоку остановит, в горящую избу войдет!”

А пачыналі Варыгі з нуля: сорак гадоў таму ім, як маладой сям’і, выдаткавалі зямельны ўчастак. Бацькі дапамаглі купіць старэнькую хату ў вёсцы, якую перавезлі на новае месца. З цягам часу абклалі яе цэглай, а пасля атынкавалі і пафарбавалі. “Я не магу спакойна перазімаваць, – расказвае гаспадыня. – Думаю, планую, што дзе яшчэ зрабіць – так і праходзіць час у “тварэнні і ўвасабленні”. Кусцік за кусцікам, дрэўца за дрэўцам – штогод з’яўляецца нешта новае ў нас на падворку. Вялікае дзякуй бацькам за тое, што прывілі любоў да ўсяго. Люблю кветкі, рыбак – змайстравала штучны вадаём на падворку. Люблю сабрацца сям’ёй, калі прыходзяць дзве дачкі з сем’ямі – яны жывуць непадалёк: напаліць лазню і пасядзець у нашай утульнай альтанцы, якую мы з мужам зладзілі таксама ўласнымі рукамі. Што яшчэ чалавеку для шчасця трэба?..”

Простыя ісціны, у якіх увасобіліся будні і святы, клопаты і радасці, праца і хвіліны адпачынку. Менавіта ва ўсім гэтым і заключаецца сэнс жыцця іх дружнай сям’і.

Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА