Праца да сёмага поту

Аграрный сектор и промышленность Главное

На мінулым тыдні ўшанаваць лепшых хлебаробаў Валожыншчыны, якія намалацілі тысячу тон збожжа, у раён завіталі прадстаўнікі Мінскага гаркама прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.

Як адзначыў старшыня гаркама Сяргей Рыгоравіч КРЫСЕНКА, кожны з галіновых прафсаюзаў, нягледзячы на прыналежнасць, у гарачую для вяскоўцаў пару замацаваны за рэгіёнам: у прыватнасці, іх прафсаюз шэфствуе над Мінскім, Смалявіцкім і нашым раёнамі. Задача прафсаюзаў падчас уборачнай кампаніі – паглядзець, наколькі забяспечваюцца сацыяльныя ўмовы для механізатараў. Кіраўніцтва абкама ці гаркама прафсаюза разам з тэхнічным інспектарам наведваюць мехмайстэрні, зернесушыльную гаспадарку, сустракаюцца з работнікамі на палетках, цікавяцца, як захоўваецца тэхніка бяспекі, ці забяспечаны яны спецаддзеннем, ці ёсць дзе памыцца, як наладжана харчаванне, бо людзі без перабольшвання працуюць да сёмага поту.

Яшчэ адна місія – адзначыць перадавікоў. У той дзень, упершыню за чатыры тыдні жніва, у работнікаў палёў быў “выхадны”: пасля дажджу адпачывалі і тэхніка, і людзі. Таму пераможцаў хлебнай нівы мы сустрэлі не на палетках, а ля адміністрацыйнага будынка і на тэрыторыі мехмайстэрні. Падзячныя пісьмы і каштоўныя падарункі атрымалі камбайнеры-тысячнікі з ААТ “Лоск” Сяргей Міхайлавіч ШАЎЛЮК, Уладзіслаў Сяргеевіч ЯРОТА, а таксама малады камбайнавы экіпаж з КСУП “Падбярэззе” ў складзе Вадзіма Раманавіча САДОЎСКАГА і Яўгена Анатольевіча ЛУЖЫНСКАГА.

Прафсаюзны лідар падкрэсліў, што падчас жніва ўся культура вобласці таксама працуе ў полі – нездарма кажуць: не хлебам адзіным жыве чалавек. Праводзіцца спецыяльны конкурс, па выніках якога вызначаецца і ўзнагароджваецца лепшы калектыў, лепшы раён па культурным забеспячэнні ўборачнай кампаніі. Вынікі падводзяцца ў кастрычніку ў горадзе Мар’іна Горка.

Алена ЗАЛЕСКАЯ,
фота аўтара