Маршруты выхаднога дня

Важное Молодежный курьер

Сумеснае з сям’ёй падарожжа да Іслачы выхаванца Ракаўскага ясляў-сада “Сонейка” Яраслава Драневіча.

Педагагічныя работнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі раёна ў рамках удзелу ў абласным сацыяльна-педагагічным праекце “Вясёлая прагулка РАЗАМ” распрацавалі “Маршруты выхаднога дня” для сямейнага адпачынку, што з’яўляецца цудоўнай магчымасцю правесці вольны час разам. Гэта, у сваю чаргу, садзейнічае лепшаму ўзаемаразуменню, больш цёплым сяброўскім адносінам паміж бацькамі і дзецьмі.

Кожная сям’я мае традыцыі і вопыт правядзення выхадных. Многія выбіраюць для гэтага паездкі ў забаўляльныя цэнтры, паркі культуры і адпачынку, тэатр, кінатэатр, цырк. Але можна арганізаваць вольны час не менш займальна, ярка і насычана і ў бліжэйшым асяроддзі, на свежым паветры.

У рамках удзелу ў праекце педагагічныя работнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі распрацавалі маршруты выхаднога дня. Найбольшай папулярнасцю сярод іх карыстаюцца такія, як “Архітэктурная спадчына роднага горада”, “Вадасховішча. Рака”, “Налібоцкая пушча”, “Лес поўны цудаў”, “Прагулка-паход на луг”, “Падарожжа да Іслачы”, “Сакаўшчынскае вадасховішча” і шмат іншых. Запатрабаваным з’яўляецца і маршрут “Валожынская дзіцячая бібліятэка”, дзе заўсёды падрыхтаваны тэматычныя экспазіцыі, прысвечаныя святам, дню нараджэння каго-небудзь з аўтараў, роднаму краю і г. д.

Фотакалаж з Пяршайскага ВПК.

Сумесныя тэматычныя прагулкі з бацькамі садзейнічаюць развіццю дзіцячай пазнавальнай цікавасці і назіральнасці, знаёмству з выдатнымі сацыяльнымі і прыроднымі аб’ектамі свайго населенага пункта, гісторыяй малой радзімы, фарміраванню асноў эканамічнай і экалагічнай культуры, выхаванню пазітыўнага стаўлення да месца, дзе жывеш.
Установы адукацыі праінфармавалі татаў і мам пра маршруты выхаднога дня, размяшчаючы інфармацыю на сваіх сайтах, у кутках для бацькоў, прэзентацыях на бацькоўскіх сходах. Створаны турыстычныя даведнікі ў выглядзе інтэрактыўнай карты. Педагогі творча падышлі да распрацоўкі метадычных матэрыялаў у дапамогу бацькам. Яны завастрылі ўвагу на тым, пра што неабходна паклапаціцца, збіраючыся ў паход, і як зрабіць яго цікавым. Таксама прапануецца нагадаць хлопчыкам і дзяўчынкам аб правілах паводзін у месцах, куды яны адпраўляюцца.

Наладжана зваротная сувязь дзіцячых садоў з татамі і мамамі. Падчас сумеснага правядзення вольнага часу дарослыя робяць здымкі альбо відэаролікі, а ўстановы адукацыі вядуць кнігі водгукаў, праводзяць анлайн-анкетаванне, афармляюць тэматычныя часопісы, фотакалажы, пастаянна дзеючыя экспазіцыі з малюнкамі, вырабамі, фотаздымкамі, калекцыямі прыродных матэрыялаў і інш.

Анжэла РАДЫНА