Пабывалі ў Залессі Агінскага

Важное Культура

22 жніўня ўдзельнікі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага цэнтра культуры арганізавалі экскурсіюў Залессе Смаргонскага, дзе ў свой час жыў і плённа тварыў сусветна вядомы кампазітарМіхал Клеафас Агінскі, які ўвайшоў у гісторыю і як відны палітык, дыпламат, паўстанец і грамадскі дзеяч. Аднак найбольшую славу ён заваяваў як аўтар цудоўнага паланэза “ Развітанне з Радзімай”, які ён напісаў у гэтых мясцінах.  Да рунеўцаў далучыліся таксама ўдзельнікі гуртка паэтычнага майстэртсва  “Летуценнік”, іншыя зацікаўленыя валожынцы.

Здапамогай экскурсаводаў, якія былі ў касцюмах тых памятных часоў, усе з цікавасцю пазнаёміліся з экспазіцыямі пакояў адноўленай сядзібы М.-К.Агінскага, цудоўнай аранжарэяй, палюбаваліся незабыўна-прыгожымі мясцінамі, пахадзілі па тых сцяжынках-дарожках, якімі калісьці хадзіў слаўны творца, набылі памятныя сувеніры.

Са шчырай падзякай за пачутае і ўбачанае,  Марыя Шакун падаравала музею-сядзібе ўласную кнігу “Мае сцяжыны”, дзе змешчаны і верш “Залессе”, прысвечаны М.-К.Агінскаму, а Валянціна Гіруць-Русакевіч – свой верш “На сцежках Залесся”.

Па дарозе дамоў удзельнікі экскурсіі наведалі таксама Крэва, дзе вядуцца рэтаўрацыйныя работы славутага Крэўскага замка.