Гісторыя з фатаграфіяй

Важное Общество

Многія жыхары Валожына любяць бавіць свой вольны час у скверы каля гарадскога возера. Летам, калі на вуліцы спякота, ад вадаёма ідзе прахалода. Яркія клумбы кветак, акуратныя зялёныя газоны радуюць вока гараджан. У цяньку адпачываюць людзі пажылога ўзросту. Па возеры снуюць катамараны, на якіх катаюцца маладыя сем’і з дзеткамі. Некалі тут з боку вуліцы Партызанскай знаходзілася танцпляцоўка. Вечарамі моладзь горада спяшалася сюды, каб адпачыць і патанцаваць.

А вось так выглядаў вадаём у 1980 годзе. На вуліцы зіма, але каля возера людна. Маразы ў той час былі моцныя, і вада надзейна замярзала. Гэту акалічнасць валожынцы выкарыстоўвалі з выгадай – скарачалі шлях з вуліцы Савецкай на вуліцу Партызанскую і наадварот. На вадаёме любілі коўзацца дзеці. У час зімовых свят тут можна было пакатацца на конных санях. Забава падабалася і малым, і дарослым.

Можна здагадацца, што на фотаздымку дзеянне адбываецца напярэдадні Новага года: некалькі чалавек нясуць елкі. Нягледзячы на мароз, у скверы сабраліся людзі, каб паглядзець забаўляльную праграму, якую падрыхтавалі работнікі Валожынскага дома культуры.

Цяпер таксама ладзяцца розныя мерапрыемствы. Традыцыйна на беразе возера праходзіць свята Купалле.
А калі і пры якіх абставінах гэты аб’ект з’явіўся ў Валожыне?

З гісторыі мястэчка стала вядома, што тут вельмі часта адбываліся пажары, якія знішчалі значную частку пабудоў. Дамы ў Валожыне былі драўляныя, пакрытыя саломай ці дошчачкай, таму змагацца з агнём людзям было складана. Для барацьбы з полымем патрабаваліся значныя запасы вады.

У 1865 годзе вялікі пажар у каторы раз ахапіў значную частку паселішча. За дзве гадзіны агонь ператварыў у попел амаль палову мястэчка. Гарэлі драўляныя дамы па вуліцы Савецкай (былой Віленскай). Шмат спатрэбілася чалавечых сіл і намаганняў, каб перамагчы вогненную стыхію.

Пасля гэтага ў цэнтры Валожына быў выкапаны і забрукаваны вялікі катлаван, куды збіраліся сцёкавыя і дажджавыя воды. Само гідратэхнічнае збудаванне здавалася простым толькі на першы погляд. Яно мела ўнікальную дрэнажную сістэму, якая рэгулявала ўзровень вады ў возеры, а лішак скідвала ў рэчку.

У 30-я гады мінулага стагоддзя гарадскія ўлады вырашылі прыхарашыць берагі возера. Вакол вадаёма высадзілі дрэвы, устанавілі лаўкі для адпачынку. Берагі катлавана былі ўмацаваны пліткай і бардзюрамі. Тут летам валожынцы каталіся на лодках, а зімой – на каньках.

Шаноўныя чытачы, мы спадзяёмся, што наш артыкул дапамог вам успомніць цікавыя гісторыі, якія звязаны з гэтым прыгожым месцам. Чакаем водгукаў і фатаграфій.