Хутка нас сустрэне школа!

Главное Молодежный курьер

Будучыя трэццякласнікі Аляксей НЕХВЯДОВІЧ, Уладзіслаў ГЕЛДА, Ульяна САДОЎСКАЯ і яе сятрычка-пагодка Яна, якая збіраецца ў другі клас, да школы гатовыя на 100%.

Яны адпачылі, набраліся сіл, падраслі, засумавалі па любімых настаўніках і аднакласніках і ўжо паспелі набыць усё самае неабходнае для таго, каб за школьнай партай і ў спартыўнай зале адчуваць сябе камфортна. У поўным аб’ёме свой скарб хлопчыкі і дзяўчынкі мне паказаць не змаглі, а вось вобразы, што падабралі разам з матулямі, прадэманстравалі. Пагадзіцеся, выглядаюць вучні сярэдняй школы № 1 прыстойна і стыльна. За гэтай прыгажосцю, безумоўна, клопаты любячых бацькоў.

Маладыя і прывабныя матулі дзяцей, што ўсміхаюцца нам з фотаздымка, – Ганна Міхайлаўна Канановіч, Алена Рамуальдаўна Гелда і Ганна Георгіеўна Садоўская адзначылі: сабраць нашчадкаў у школу было няпроста. Асноўныя расходы – на адзенне, абутак, партфелі. Падобныя тавары, калі яны якасныя, нятанныя. А апрануць і абуць дзіця хочацца так, каб таму было зручна. Ды і знешні выгляд – справа не апошняя. Жанчыны да сваіх сямейных акцый па зборы школьнікаў падышлі рацыянальна – доўга выбіралі, прыглядаліся да цэн, праводзілі прымеркі, адкладвалі грошы. Дарэчы, Алену Рамуальдаўну падтрымалі на рабоце (Дорская школа). Там усім, хто рыхтуе да 1 верасня школьнікаў, выплацілі па адной базавай велічыні. Ганне Георгіеўне, як шматдзетнай маці (у сям’і чацвёра нашчадкаў), аказана дапамога ад дзяржавы (па 60 рублёў на вучня).

Зараз, як кажуць, можна выдыхнуць і атрымаць асалоду ад апошніх летніх дзён. А ў бліжэйшы аўторак такіх жа прыгажунь і прыгажуноў, як Аляксей, Уладзіслаў, Ульяна і Яна, на вуліцах нашага горада мы пабачым шмат, бо ў школах іх чакаюць.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара