Справы сённяшнія –аснова ўраджаю заўтрашняга

Аграрный сектор и промышленность Главное

Нягледзячы на тое, што ўборка зерневых завершана, механізатары ААТ “Суднікаўскі” расслабляцца і адпачываць часу не маюць. Тут вядзецца цэлы шэраг работ, якія стануць падмуркам ураджаю 2021 года.

Па інфармацыі, атрыманай ад галоўнага агранома прадпрыемства Аляксандра Уладзіміравіча Юдэнкі, аграрыі гаспадаркі не могуць назваць бягучы год самым удалым. Надвор’е не спрыяла добрай ураджайнасці. Вясна затрымалася, лета прынесла спёку. Да таго ж глебы ў Судніках і наваколлі складаныя, камяністыя. Тым не менш, пшаніца на асобных участках дала выдатны ўраджай – 54 цэнтнеры з гектара. Ды і па рапсе, у параўнанні з мінулым годам, паказчык значна лепшы (2019 год – 9 цэнтнераў з гектара, 2020 год – 12,4). Дарэчы, у “Суднікаўскім” прынята рашэнне па адраджэнні вытворчасці буракоў. Плануюцца нязначныя змяненні ў размеркаванні плошчаў пад розныя культуры. “Планы ў нас нармальныя, галоўнае, каб яны выконваліся”, – адзначыў Аляксандр Уладзіміравіч. Ён жа запэўніў: “Галоўная каштоўнасць гаспадаркі – дружны, працаздольны калектыў. Сярод лепшых – камбайнеры, работу якіх Вы ўжо сёння пабачылі, а таксама лідары жніва Валянцін Аляксандравіч Гупаловіч і Вадзім Міхайлавіч Дубінец, многія іншыя”.

Мы даведаліся, што пад азімыя сёлета ў гаспадарцы выдзелена 1,480 гектара. На сённяшні дзень падрыхтавана больш за 20% плошчаў. Паралельна вядзецца вываз арганікі. 70% ужо засеяных азімым рапсам палёў апрацаваны глебавымі гербіцыдамі, якія дазволяць прыглушыць пустазелле, пакуль культуры не падымуцца.

Напрыклад, Уладзімір Іосіфавіч Шкель займаецца сяўбой азімага рапсу. Як паведамілі ў гаспадарцы, літаральна за лічаныя дні з запланаваных 400 гектараў ён пасеяў 280. Знакаміты валожынскі хлебароб, цудоўны сем’янін (у сям’і Шкель чацвёра дачок) усё, за што бярэцца, робіць выдатна. Мы паназіралі, як на «МТЗ 35-22» з сеялкай АПП-6 ён старанна праходзіць паласу за паласой дзеля таго, каб палеткі, адведзеныя пад алейную культуру, прынеслі гаспадарцы добры прыбытак. Сам працаўнік радуецца вынікам уласных намаганняў з пункту гледжання карысці для ўмацавання эканомікі прадпрыемства і ўласным заробкам. Падчас уборкі У. І. Шкель увайшоў у тройку лідараў. На жаль, па аб’ектыўных прычынах (не ўдзельнічаў ва ўборцы рапсу) сваю амаль традыцыйную тысячу тон не нажаў, але праявіў сябе на адвозе зялёнай масы, а кармы, як вядома, не менш важны момант у сельгасвытворчасці.

Яўгеній Іванавіч Сяўрук і Леанід Міхайлавіч Арлоўскі займаюцца ворывам. На трактарах “Беларус 30-22” з плугамі ППО 8-40, па словах кіраўніцтва гаспадаркі, яны дэманструюць ідэальнае правядзенне гэтага віду работ. Вядома, ні за адным, ні за другім маладымі людзьмі кантроль не патрэбен. Як заўсёды, працуюць на выдатна і, немалаважна, хутка. Яўгеній Іванавіч у гаспадарцы з 2001 года, Леанід Міхайлавіч – трэці год. Абодва атрымалі жыллё. Работай, яе аплатай і ўмовамі задаволены. Адзначылі, што рэгулярна аднаўляецца спецадзенне. З удзячнасцю адазваліся, у прыватнасці, пра харчаванне, яно наладжана работнікамі мясцовай сталовай. Гарачы абед у полі – сапраўднае падмацаванне сіл, якія так патрэбны для дасягнення працоўных вышынь.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара