Свой дабрабыт стварылі самі

Важное Общество

Гаспадыню дома № 3, што па вуліцы Набярэжнай у Судніках, Святлану Сцяпанаўну ЮДЭНКА мы засталі ў дамашняй абстаноўцы выпадкова. Жанчына працуе па графіку, таму адзін з будных дзён прысвяціла хатнім клопатам, займалася любімай справай большасці беларусак – марынавала памідоры. Мы ж зазірнулі ў яе двор таму, што даведаліся: дом, у якім жыве сям’я, не новы, але менавіта цяперашнія гаспадары далі яму і ўчастку іншае жыццё.

Літаральна шэсць гадоў таму тут панавала запусценне. Былыя гаспадары з’ехалі, пакінуўшы пасля сябе ледзь не руіны. А вось муж і жонка Юдэнкі прыклалі рукі да закінутай сядзібы, так што сёння яна радуе вока. Праўда, і зараз работы працягваюцца, але ж колькі ўсяго зроблена! Жыллё і звонку, і ўнутры мае ўтульны, дагледжаны выгляд. Навокал таксама парадак. З’явіліся новыя гаспадарчыя пабудовы і гонар гаспадара – лазня.

Мы сядзім у невялічкай альтанцы, па даху якой барабаняць кроплі дажджу, і гэта разам з прыемнай усмешкай субяседніцы стварае атмасферу цяпла і прыемнасці. Святлана Сцяпанаўна знаёміць мяне са сваёй гісторыяй.

Сям’я перабралася ў Суднікі з Казахстана. Аляксандр Уладзіміравіч – аграном са стажам – атрымаў прапанову наконт работы. Жонка, нібы тая дэкабрыстка, мужа падтрымала. Ды і як было не падтрымаць? Умовы ў беларускай гаспадарцы аказаліся прывабнымі. Ім прадаставілі жыллё, стабільны заробак. Да таго ж сама Святлана напалову беларуска, хоць раней ніколі на гістарычнай радзіме не бывала. Перасяленцы задаволены акружэннем, падтрымкай кіраўніцтва ААТ “Суднікаўскі” і цудоўным стаўленнем да сябе мясцовага насельніцтва. Прывыклі і да іх гаворкі, спрабуюць чытаць па-беларуску. У гэтай справе галоўны памочнік – наша “Працоўная слава”. “На прыгожай беларускай зямлі хочацца жыць і працаваць”, – прызнаецца жанчына. Іх дочкам, а яны даволі дарослыя дзяўчаты (Аксане 24 гады, Вераніцы – 20) таксама падабаецца ў нашай краіне. Я са здзіўленнем даведалася: маладая жанчына, якая не адмовіла мне ў гутарцы, ужо мае ўнучку. Пястушка Ева – частая і жаданая госця ва ўтульным доме дзядулі і бабулі.

Святлана Сцяпанаўна паскардзілася, што пакуль і ёй, і мужу не хапае часу, каб усё на падворку давесці да ідэальнага стану. Ды і ні для каго не сакрэт: шыкоўнае добраўпарадкаванне патрабуе добрых грошай. Тым не менш, Юдэнкі ганарацца вынікамі сваёй шасцігадовай працы. У іх цудоўны агарод і такая ж, багатая ўраджаямі, цяпліца. З задавальненнем з кожным годам павялічваюць колькасць кветак, а ў бліжэйшыя планы намецілі стварэнне якаснага пакрыцця двара. У хуткім часе з’явіцца тут і прыгожы газон. Пакуль жа ў першую чаргу рамантавалі дом, рабілі гарачае водазабеспячэнне і іншыя віды работ, што ў выніку дазволілі сям’і існаваць з камфортам.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара