ЗБІРАЕМСЯ Ў ПЕРШЫ КЛАС

Общество

Перад тым, як весці дзіця ў школу, неабходна абавязкова наведаць урача, каб своечасова адкарэкціраваць парушэнні, падлячыць міндаліны, адэноіды, хранічныя захворванні. Ды і ў школе ад вас запатрабуюць медыцынскія дакументы, клінічныя аналізы крыві, мачы, аналіз крыві на глюкозу, даведкі ад акуліста, неўролага, хірурга, стаматолага, ЛОР, педыятра.

Пачатак вучобы – вялікі стрэс як для дзіцяці, так і для бацькоў. Таму пастарайцеся, каб у гэты час ваш звыклы рэжым і ўклад жыцця мяняліся як мага менш. Адкладзіце рамонт, пазбягайце іншых перамен (набыццё дамашняй жыўнасці, наведванне новых гурткоў і секцый).

Бацькам першакласніка неабходна пазнаёміцца з будучай настаўніцай, расказаць ёй пра асаблівасці характару і тэмпераменту дзіцяці. Памятайце – вас чакаюць доўгія гады сумеснага выхаваўчага працэсу.

Вучоба – цяжкая праца, і вашым дзецям давядзецца самастойна ў гэтым пераканацца. Але абавязкова дайце яму зразумець, што вы будзеце побач, што гатовы дапамагаць, што таксама радуецеся нават самым маленькім яго поспехам. Не забывайцеся часцей хваліць малыша, і тады яго страх перад школай хутка адступіць.

Усім дзецям з цяжкасцю здаецца ўставаць у сем гадзін раніцы. Таму пастарайцеся прызвычаіць сына ці дачку да рэжыму зараней. За паўтары гадзіны да сну забараніце рухомыя гульні і прагляд тэлеперадач.

Прывучайце будучага школьніка да акуратнасці, давайце невялічкія заданні па выпрацоўцы навыкаў хутка апранацца, мыцца, снедаць. Пры гэтым час можна кантраляваць пры дапамозе будзільніка ці пясочнага гадзінніка. Растлумачце малышу, што ў яго можа і не ўсё атрымаецца адразу, але ў любым школьным канфлікце вы заўсёды будзеце яго саюзнікам.

Пастаянна сачыце і звяртайце ўвагу на адносіны дзіцяці да школьных спраў, на яго настрой пры адыходзе ў школу і пры вяртанні з яе, на выгляд дзіцяці, на яго вочы, апетыт, сон. Калі нешта ў паводзінах вас насцярожыць, то пастарайцеся ўнікнуць у праблему, каб своечасова дапамагчы малышу.

Ала КРУЦЬКО,

раённы педыятр.

 



Добавить комментарий