1 верасня – Дзень ведаў!

Главное Общество

Паважаныя прадстаўнікі педагагічнай
грамадскасці раёна, бацькі! Дарагія рабяты!

Прыміце самыя шчырыя віншаванні з выдатным вераснёўскім святам, якое з’яўляецца важным для кожнага, хто вучыўся, вучыцца і вучыць, – Днём ведаў!

1 верасня асаблівыя словы хочацца сказаць у адрас педагогаў, якія з самых ранніх гадоў вядуць дзіця па жыцці, фарміруюць яго асобу, раскрываюць патэнцыял. Яны не толькі перадаюць веды сваім вучням, але і выхоўваюць у іх любоў да Айчыны, адказнасць, працавітасць і іншыя важныя якасці грамадзяніна сваёй краіны. Гэта прафесія спалучае ў сабе адукаванасць і маладосць душы, крэатыўнасць і велізарную энергію, дабрыню і строгасць, інтэлігентнасць і мэтанакіраванасць! Нізкі паклон вам за працу.

Для дзяцей сёння пачынаецца новы этап сур’ёзнай вучэбнай дзейнасці, зносін з сябрамі, новых дасягненняў і здабыткаў. Самы запамінальны гэты дзень для першакласнікаў, для якіх толькі расчыняюцца дзверы ў нязведаны, вялікі свет, поўны цікавых адкрыццяў і яркіх уражанняў. У старшакласнікаў з’яўляецца магчымасць паставіць перад сабой новыя высокія мэты і дасягнуць іх.

Жадаем педагогам і бацькам поспехаў, мудрасці і цярпення. Няхай веды і навыкі, атрыманыя ў новым навучальным годзе вашымі выхаванцамі, стануць стартавай асновай для іх будучага. Школьнікам і студэнтам – настойлівасці, выдатных адзнак, творчасці, цудоўнага настрою, насычанага жыцця. Моцнага ўсім здароўя і дабрабыту ў сем’ях.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Я. М. Круковіч
Старшыня раённага Савета дэпутатаў П. І. Бібік

Новы навучальны год традыцыйна распачынае Дзень ведаў. Прыгожыя, радасныя, пасталеўшыя рабяты з рознакаляровымі букетамі восеньскіх кветак спяшаюцца ў школу, каб зноў сустрэцца са сваімі любімымі педагогамі і сябрамі-аднакласнікамі. Вучні 2 “Б” класа сярэдняй школы № 1 г. Валожына Ангеліна Лемантовіч, Марыян Сяклюцкі і Мікалай Лебядзевіч віншуюць са святам сваю новую настаўніцу – маладога спецыяліста Юлію Анатольеўну Юркевіч. Гэта дзяўчына з Валожыншчыны сёлета закончыла Нясвіжскій дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа і 1 верасня ўпершыню расчыніла дзверы навучальнай установы агульнай сярэдняй адукацыі ў якасці настаўніка. Пажадаем ёй плённай, творчай працы, а рабятам – цікавага, займальнага падарожжа ў краіну ведаў.

Тэкст і фота Анжэлы РАДЫНА