На варце інтарэсаў людзей

Важное Общество

Старшыня сельвыканкама – значная фігура ў сваёй мясцовасці. Менавіта да яго звяртаюцца з разнастайнымі праблемамі жыхары вёсак і аграгарадкоў. У Вішнеўскім сельсавеце такім чалавекам з’яўляецца Марына Іосіфаўна ТРАЦЦЯК. І можна ўпэўнена сказаць, што свае абавязкі яна выконвае выдатна, бо па выніках мінулага года сельвыканкам прызнаны лепшым у раёне і занесены на Дошку гонару.

– Марына Іосіфаўна, раскажыце, калі ласка, як пачынаўся Ваш шлях у сістэму мясцовага самакіравання?
– Пасля заканчэння гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта працавала ў Вішнеўскім ВПК. У 2005 годзе прайшла перападрыхтоўку ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі па спецыяльнасці “Практычная псіхалогія”. Неўзабаве стала настаўнічаць у Багданаўскім ВПК. Вельмі любіла гісторыю і радавалася магчымасці яе выкладаць. І тут у 2009 годзе мне прапанавалі ўзначаліць Багданаўскі сельвыканкам. Я добра разумела, што пасада старшыні – надзвычай адказная. Доўга вагалася, раздумвала, але ў выніку рашылася. Праз чатыры гады адбылася аптымізацыя: Багданаўскі сельсавет далучылі да Вішнеўскага, і я вярнулася ў школу. А ў 2015 годзе, калі сталі шукаць чалавека на пасаду старшыні Вішнеўскага сельвыканкама, разглядаліся розныя кандыдатуры, але выбар паў на мяне. І вось ужо 5 гадоў тут працую.

– Сёння Вішнеўскі сельсавет займае вялікую тэрыторыю: у яго ўваходзяць Падбярэзскі, Багданаўскі і частка Сакаўшчынскага. Ці ўзнікаюць нейкія цяжкасці ў сувязі з гэтым?
– Сапраўды, сельсавет займае плошчу больш за 30 тыс. га. Сюды ўваходзяць 82 населеныя пункты, яны вельмі раскіданыя адзін ад аднаго. Пражываюць тут амаль 3 тыс. чалавек. Нягледзячы на тое, што ў 10 вёсках – да 10 насельнікаў, кожная з іх знаходзіца пад пільнай увагай, як і ўсе іншыя на даручанай мне тэрыторыі. Калі ішла на такую адказную пасаду, разумела, якая складаная праца мяне чакае. Тая акалічнасць, што я добра ведаю людзей ва ўсіх населеных пунктах, іх жыццё, настрой, бо нарадзілася і вырасла ў Вішневе, тут жыве мая маці, сама з мужам – у Дзясятніках, дазволіла лёгка паглыбіцца ў сістэму мясцовага кіравання.

– Хто аказаў найбольшы ўплыў на станаўленне Вас як кіраўніка?
– Падчас працы ў Багданаўскім ВПК вялікае ўражанне на мяне аказала дырэктар школы Таццяна Васільеўна Сабалеўская. Заўсёды да яе прыглядалася, хаця нават і ў думках не было, што некалі давядзецца быць старшынёй сельвыканкама. Гэты чалавек здаваўся мне ўвасабленнем сапраўднага кіраўніка. Многаму можна было навучыцца і ў дырэктара Вішнеўскага ВПК Алы Віктараўны Клімковай. Пазней набіралася вопыту ў сваіх калег, працуючы з імі бок у бок. Асабліва ўдзячна старшыні Гародзькаўскага сельвыканкама Ганне Францаўне Садоўскай, яна старалася мяне накіроўваць, падштурхоўваць. Сама я толькі нядаўна ўсвядоміла, што так яна мне дапамагала.

Нельга не ўзгадаць і сваю сям’ю. Матуля і сёння дае мне мудрыя парады. Па любым пытанні яна мае ўласную думку. І нават, калі я ўжо зрабіла нешта па-свойму, то яе навука абавязкова спатрэбіцца ў будучым.

– З якімі праблемамі часцей за ўсё звяртаюцца людзі?
– Ведаеце, сельвыканкам для вяскоўцаў па-ранейшаму застаецца самым надзейным звяном у ланцужку людзі-ўлада. Сюды прыходзяць і з такімі дробязнымі, здавалася б, пытаннямі, як лямпачка на ліхтары перагарэла, дровы, брыкет неабходна набыць, дрэва нахілілася і пагражае зваліцца, дах пацёк, аўталаўка позна прыехала, пошту не даставілі. Насамрэч, для канкрэтнага чалавека гэта сапраўды вельмі важна. Звароты датычацца і добраўпарадкавання могілак, газіфікацыі, вывазу смецця, ачысткі дарог ад снегу, пакосу травы і шмат іншага. Званкі паступаюць не толькі ад нашых жыхароў, але і ад дачнікаў, якія з вясны і да позняй восені пражываюць на тэрыторыі сельсавета.

Пастаянна вядзецца работа па задавальненні заяў аб выдзяленні зямельных участкаў. Застаецца актуальнай праблема сварак суседзяў з-за межаў надзелаў. Тут трэба падысці вельмі тактоўна, бо абодва бакі, звычайна, маюць рацыю. Неабходна выслухаць кожнага і вырашыць усё па законе.

Раней паступала вельмі шмат нараканняў на стан дарог. Стараемся па магчымасці выпраўляць сітуацыю, звяртаемся за дапамогай у райвыканкам, ДРБУ. Летась зрабілі дарогу з Віншева на Клім, якая была ўся ў выбоінах, а сёлета поўнасцю заасфальтавалі аж да мяжы з Гродзенскай вобласцю дарогу Вішнева-Багданава.

– Важнае месца ў дзейнасці сельвыканкама займае добраўпарадкаванне. Што робіцца ў гэтым кірунку?
– Адпаведныя мерапрыемствы зацвярджаюцца рашэннямі сельвыканкама. За рознымі аб’ектамі замацаваны арганізацыі і ўстановы, якія дзейнічаюць на тэрыторыі адміністрацыйнай акругі. З вясны пачынаем праводзіць суботнікі, у рамках якіх наводзім парадак на вуліцах, дваровых тэрыторыях, аб’ектах вытворчай і сацыяльнай сфер, саджаць дрэвы. Вялікая ўвага надаецца падтрыманню ў належным стане мемарыяльных месцаў воінскай славы. Сёлета да Дня Перамогі мясцовая прыватная арганізацыя ТДА “Леспаліўэнерга” выдзяліла сродкі на новую мемарыяльную пліту і добраўпарадкаванне брацкай магілы ў Вішневе. Работы былі выкананы ў тэрмін індывідуальным прадпрымальнікам з Валожына.

Шмат зроблена па ліквідацыі небяспечных дрэў як на могілках, так і па зваротах грамадзян у вёсках.

– Наколькі актуальным у Вішнеўскім сельсавеце з’яўляецца пытанне “безгаспадарчых” дамоў?
– Вёскі пусцеюць, хаты аджываюць свой век без клапатлівых рук гаспадароў і ўяўляюць сабой сумную карціну. Таму, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 357 “Аб пустуючых і старых дамах”, вядзецца планамерная работа. Некаторыя думаюць, што гэта вельмі хуткі працэс, але на самай справе ўсё зусім не так. Працэдура доўжыцца не адзін месяц, а, бывае, паўгода, а то і год. Няпростая справа звязана з пошукам гаспадароў, пастаноўкай у рэгістр, падачай заявы ў суд, прыцягваннем тэхнікі і патрабуе, адпаведна, немалых фінансавых выдаткаў. Але рух ёсць, летась было знесена 9 пабудоў, сёлета – 4.

– Марына Іосіфаўна, хто знаходзіцца ў ліку Вашых надзейных памочнікаў?
– Ну, у першую чаргу – мае калегі. У сельвыканкаме нас працуе чатыры чалавекі. Усе мы аднадумцы, стараемся дзейнічаць на вынік. У мінулым годзе кіраўнік спраў Леаніда Міхайлаўна Малейковіч за актыўную, добрасумленную працу атрымала Ганаровую грамату райвыканкама.

Але, безумоўна, без дапамогі жыхароў нашага сельсавета мы б не дабіліся поспехаў. У многіх населеных пунктах ёсць старасты вёсак, жывуць дэпутаты, актывісты, людзі, што самі працавалі ў гэтай сферы. Нельга пераацаніць іх ролю ў падтрыманні сувязі паміж мясцовым насельніцтвам і сельвыканкамам.

Таксама працуем у цеснай сувязі з усімі зацікаўленымі арганізацыямі і службамі. Кіраўнікі чатырох сельгаспрадпрыемстваў, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, стараюцца заўсёды дапамагчы ў пытаннях, што датычацца іх кампетэнцыі.

Толькі дзякуючы агульнай зладжанай працы наш сельвыканкам стаў лепшым. Гэта вельмі прыемна і ў той жа час накладае адказнасць. Хочацца працаваць яшчэ лепш, каб не знізіць планку.

– Якія якасці характару важныя для плённай працы?
– Лічу, што, у першую чаргу, каб некаму дапамагчы, неабходна ўмець адчуваць чалавека, суперажываць яму, ставіць сябе на яго месца. Прынцыповасць і мэтанакіраванасць дазваляюць працаваць на доўгатэрміновы вынік. Наогул, трэба больш слухаць, чым гаварыць. Бывае, людзі прыходзяць проста падзяліцца набалелым і ўдзячны ўжо за тое, што ім далі магчымасць выказацца.

– Што найбольш уразіла за час працы?
– Ведаеце, два гады назад была праведзена вялікая праца на могілках у вёсцы Радзюкі: спілавалі і прыбралі дрэвы. Арганізоўвалі суботнікі самі, дапамагалі работнікі з Падбярэззя і інш. Хутка пасля гэтага патэлефанавала жанчына са Смаргонскага раёна, яна шчыра дзякавала і хацела ўдакладніць маё і кіраўніка спраў імёны, каб падаць саракавуст аб здароўі ў царкву.

– Зразумела, што ў старшыні сельвыканкама ўвесь дзень распісаны, але, калі выпадзе вольная хвілінка, якому занятку аддаяце перавагу?
– Вельмі люблю чытаць, але ў апошні час стаў падводзіць зрок. Таму бывае проста сяджу ў цішыні і мне ніколі не бывае сумна сам-насам. З задавальненнем праводжу час са сваімі суседкамі-сяброўкамі. У іх заўсёды ёсць нейкія прапановы, пытанні. Да такіх зносін яшчэ ў дзяцінстве прывучыла бабуля, пра якую ўспамінаю з вялікай любоўю. Летам, калі мы жылі ў яе на хутары, жанчына вельмі любіла, як гаварылі, “хадзіць на вёску” і абавязкова брала з сабой нас, малых.

– Як ставіцеся да гатавання?
– Усё залежыць ад настрою. Сказаць, што я заўзяты кулінар, адназначна нельга. Ёсць стравы, якія я гатую з задавальненнем, і яны атрымліваюцца нязменна смачнымі. Гэта клёцкі, калдуны. Раней частавала родных хатняй выпечкай, але не заўсёды хапае часу.

– Ці ёсць у Вашым жыцці месца прыгожаму, напрыклад, кветкам?
– Вельмі люблю. Маю шмат вазонаў. Асабліва падабаюцца архідэі, сёлета развяла фіялкі. На дварэ не магу адвесці вачэй ад петуніі, уражвае яе водар, а таксама лілей і язміну. Вясну не ўяўляю без нарцысаў, цюльпанаў і півоняў.

– Што на заканчэнне нашай гутаркі пажадаеце жыхарам Вішнеўскага сельсавета і, наогул, раёна?
– Спакою, міру, дабра і, канешне ж, здароўя.

Гутарыла Анжэла РАДЫНА