Цёплая сустрэча

Главное Кругозор

20 жніўня на Валожыншчыне пабывалі госці з Салігорска і Капыля. Сустрэў іх старшыня раённага аддзялення ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Віктар Альгертавіч Субач.

Інтэрнэт трывала ўвайшоў у сучаснае жыццё. У віртуальнай рэальнасці нават пазнаёміцца можна, але ўсё адно хочацца звыклых чалавечых зносін: паглядзець сябру ў вочы, павітацца з ім за руку. Пераадолець адлегласць нам дапамагло таварыства. Разам з гасцямі мы ажыццявілі цікавую паездку ў заказнік “Налібоцкая пушча”.

Экскурсію па маляўнічых мясцінах Налібоччыны правяла інжынер-эколаг Ларыса Валяр’янаўна Кулак. Шмат даведаліся пра жывёльны і раслінны свет пушчы. Цікава, што зусім нядаўна тут пасяліліся і выдатна сябе адчуваюць тарпанападобныя коні – старажытны від, які калісьці быў шырока распаўсюджаны ў нас. Цяпер вядзецца праца па аднаўленні даўнейшых ландшафтаў, патрабуецца і павелічэнне колькасці рэдкіх жывёл, птушак, рыб. Мы пераканаліся, што ўнікальны экалагічны аб’ект знаходзіцца пад пільнай аховай дзяржавы і пры гэтым застаецца адным з самых любімых месцаў адпачынку не толькі беларусаў, але і іншаземных турыстаў.

Незабыўнае ўражанне пакінула і падарожжа па экалагічнай сцежцы “Сябрына”. Егеры пастараліся, каб на невялікай адлегласці паказаць як мага больш прыгажосці і сакрэтаў зялёнага багацця.

Фінальнай кропкай стала наведванне ваколіц вёскі Белакорац. Тут таксама пракладзена экасцежка. Яна абсталявана спецыяльна для людзей з абмежаванымі магчымасцямі: зручная паркоўка, асфальтавае пакрыццё, лаўкі для адпачынку, альтанкі. Усё гэта рэалізавана ў рамках праекта “Валожын без бар’ераў”.

Пасля працяглай прагулкі ўсіх чакаў чай з лекавых раслін, якія сабраны ў Налібоцкай пушчы. На развітанне таварыства інвалідаў Валожынскага раёна перадало гасцям гуманітарную дапамогу.

Мікалай МАКОЎСКІ,
жыхар г. п. Івянец