На прыём – за паляпшэннем якасці дарог

Официально

27 жніўня ў філіяле КУП “Мінскаблдарбуд”-“ДРБУ № 167” правёў выязны прыём і тэлефонную “гарачую лінію” генеральны дырэктар КУП “Мінскаблдарбуд” Дзяніс Алегавіч Сцяпанаў. У гэты дзень па пытаннях рамонту, будаўніцтва і ўтрымання аўтамабільных дарог да адказнай асобы мог звярнуцца кожны жыхар раёна. Цікава, але ў азначаны час па тэлефоне ў кабінет дырэктара валожынскай арганізацыі не пазваніў ніхто. А вось асабіста сустрэцца з чалавекам, які курыруе дарожную галіну на Міншчыне, пажадалі тры жыхаркі розных населеных пунктаў.

Першай на прыём трапіла жанчына, што прадстаўляла інтарэсы насельнікаў Чартавічаў, Жураўцаў, Пруднікаў. Іх просьба простая і зразумелая: заасфальтаваць пад’язную дарогу. На жаль, выканаць тое, што даручылі агучыць свайму дэлегату вяскоўцы, у бліжэйшы час немагчыма. Дзяніс Алегавіч патлумачыў сітуацыю. Названую гравійку моцна запатрабаванай не назавеш. Да таго ж і стан яе здавальняючы. Безумоўна, ёсць непрыемныя моманты. Будавалі дадзеную дарогу з прыродных матэрыялаў, таму часта на паверхню “выскакваюць” камяні буйной фракцыі. Вядома: гэты факт не можа не раздражняць аўтааматараў. Нават грэйдару цяжка спраўляцца з падобнымі сюрпрызамі. Таму ў верасні ў рамках праграмы ўтрымання аўтадарог азначаны аб’ект падсыпяць, і жыхары наваколля будуць ездзіць з большым камфортам.

Дачніца з вёскі Носавічы прыйшла паскардзіцца не на дарожнае пакрыццё, а на адсутнасць водаадвода на тупіковай дарозе, што вядзе ў вёску. Наведвальніца паведаміла: калі да пачатку сезона дажджоў не забяспечыць абарону ад вады, дарога, і так не вельмі шырокая, будзе станавіцца вузейшай і канчаткова разбурыцца. У бліжэйшы час асабіста дырэктар ДРБУ Уладзімір Міхайлавіч Саевіч са сваімі спецыялістамі выедзе на праблемны ўчастак з мэтай ацэнкі аб’ёму работ і іх планавання. Як кажуць, сігнал пачулі, сітуацыю пастараюцца выправіць.

З Маршалак прыбыла трэцяя наведвальніца. Жанчына пражывае ў Мінску, а ў жывапісным кутку Валожыншчыны мае лецішча. Сённяшнюю якасць дарогі яна лічыць нядрэннай і ўсё ж вырашыла, што на працягу ўсяго ўчастка ад Сугваздаў да шашы Р-56 “Маладзечна-Валожын” неабходна пакласці асфальт. Дзяніс Алегавіч даў наступнае тлумачэнне: сродкі, што накапліваюцца ў дарожным фондзе, неабходна накіроўваць на тыя дарожныя артэрыі, якія патрабуюць увагі ў першую чаргу. Дарога ж, пра якую ідзе гутарка, ні ў якім разе не можа прэтэндаваць на першачарговую ўвагу з боку дарожна-будаўнічай службы. Тым не менш, належны догляд за ёй гарнтаваны.

У дзень візіту ў раённую арганізацыю дырэктар абласной структуры пацікавіўся жыццём калектыву філіяла, забяспечанасцю яго работай, у тым ліку і на перспектыву.

Разам з У. М. Саевічам кіраўнік абмеркаваў стан аб’ектаў, на якія каманды ДРБУ высадзяцца ў месяцы, што засталіся да заканчэння 2020 года. Уладзімір Міхайлавіч паведаміў: “Ужо ў кастрычніку валожынскія дарожнікі закончаць усе планавыя работы на тэрыторыі раёна. Да гэтага часу так званы партфель дагавораў будзе выкананы”. Аднак прафесіяналаў з нашага райцэнтра чакаюць на Дзяржыншчыне, дзе неабходна добраўпарадкаваць раён індывідуальнай забудовы. На гэты аб’ект у арганізацыі ўскладаюць вялікія надзеі. Толькі асфальту там патрэбна пакласці не менш чым 22 тысячы тон. А, як вядома, чым большы аб’ём работ, тым большы заробак у працаўнікоў.

Камандзіроўкі валожынскіх брыгад плануюцца таксама і ў горад-спутнік сталіцы нашай краіны – Смалявічы. Таму, як кажуць, былі б сілы і жаданне, а работы хопіць. У цэлым жа падчас сустрэчы адзначалася: на сённяшні дзень фінансава-эканамічнае становішча філіяла станоўчае, маецца прыбытак, людзі атрымліваюць нядрэнныя зарплаты.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ