Да дабра і святла імкнуцца неабходна

Важное Люди и судьбы

Яе матуля нарадзілася і вырасла ў Мінску, тата – з Магілёўшчыны. Сама ж Зоя Лук’янаўна РАЗАНАВА лічыць сябе 100-працэнтнай валожынкай. Любіць наш прыгожы край, людзей, што побач. Нават мясцовая гаворка ёй, філолагу, здаецца самай мілагучнай і па-сапраўднаму беларускай.

У яе лёсе выпрабаванні, станоўчыя падзеі, імгненні шчасця перапляліся ў адзін непарыўны шлях. Сёння, калі лічба ў пашпарце набліжаецца да даволі значнага юбілею, калі перажыты страты многіх дарагіх людзей, паважаная жанчына, знакаміты валожынскі педагог не губляе аптымізму і шчыра ўпэўнена: патрэбна цаніць тое, што маеш, любіць тых, хто любіць цябе, спадзявацца толькі на сябе і ніколі ні ў каго нічога не прасіць.

Яе дзяцінства стала цяжкім. Нарадзілася ў 1931 годзе. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны паспела скончыць тры класы. Сям’я ў той час жыла ў Асіповіцкім раёне. Бацькі працавалі настаўнікамі, але, каб палегчыць існаванне, трымалі гаспадарку. Летам 1941 года літаральна за іх плотам расло жыта. Менавіта там хаваліся ад варожых налётаў… У першыя дні вайны бацьку паспелі прызваць у Чырвоную Армію, але адпраўка на фронт не адбылася. Акупанты занялі Мінск.

Жыццё пры фашысцкім рэжыме было няпростым. Каб пракарміць сям’ю (у Зоі былі дзве малодшыя сястрычкі), маці хадзіла ў іншыя раёны гандляваць. Пастаяннае адчуванне небяспекі стала звыклым для кожнага. Дзеці сталелі на вачах, і гэта разам са страхам смерці ці страты блізкіх надавала іх характарам трываласць. Інакш, як бы перажылі ўсё тое, чаму былі сведкамі?

Перш-наперш, яшчэ ў 1941 годзе носьбіты “новага парадку” расстралялі мужчын яўрэйскай нацыянальнасці з усяго наваколля. Пазней справа дайшла і да жанчын, старых, дзяцей. Памяць Зоі Лук’янаўны захавала трагедыю страшнага дня, калі паўз вёскі ў бок ракі Свіслач са здзекамі гналі людскі натоўп. Няшчасныя вязні, незалежна ад узросту, разумелі, што гэты шлях – апошні. Іх расстрэльвалі партыямі і там жа, на беразе, закапалі… Ніводзін чалавек у свеце не мог даць юнай Зоі адказ на пытанне: “За што?” З той пары яна галоўнай каштоўнасцю лічыць мір і павагу чалавека да чалавека.

Пасля вызвалення Беларусі бацьку ў войска ўсё ж забралі. А калі скончылася вайна, яго з сям’ёй накіравалі на новае месца. Зоя Лук’янаўна ўспамінае, як спачатку прыехалі ў разбураны Мінск, а там пераселі на цягнік і даехалі да Маладзечна. У аддзеле адукацыі было сказана: іх чакае Валожын. Са станцыі Гародзькі дабіраліся пешшу, толькі малодшых дзяцей і няхітры скарб пагадзіліся падвезці на конных павозках людзі, што наведвалі рынак.

Сям’і выдзелілі пакой у другой школе. Месцам працы ж была вызначана СШ № 1. Пазней з-за бесперспектыўнасці атрымаць годнае жыллё ў Валожыне яны перабраліся ў Івянец. Доўгі час жылі на кватэрах. Уласны дом пабудавалі толькі тады, калі Зоя ўжо была студэнткай.

Прафесію яна не выбірала – педагогіка сама яе выбрала. Жыццё, што з маленства праходзіла ў школьных калектывах, іншы кірунак набыць не магло. Што выкладаць? Здаецца, гэта пытанне таксама вырашылася само па сабе. Колькі сябе помніць, марыла вучыць дзяцей роднай мове. Таму аддала перавагу спецыяльнасці філолага. За ўсе гады прафесійнай дзейнасці не ўзгадае ніводнага моманту, калі б пашкадавала пра такое рашэнне. У яе памяці і зараз захоўваецца безліч твораў любімага Якуба Коласа і іншых класікаў беларускай і рускай літаратуры. Зоя Лук’янаўна можа, не зазіраючы ў кнігу, расказаць любы верш са школьнай праграмы. Часта дэкламуе “Новую зямлю”. Яна сцвярджае: “Лагоднае, разумнае беларускае слова супакойвае, натхняе на прыемныя разважанні. Як можна не любіць такую прыгажосць – не разумею”.

Чым далей адыходзіў у гісторыю ваенны час, тым больш стабільным станавілася жыццё. Вось і ў іх сям’і, якая стамілася ад нягод, страт і няўтульнасці, намецілася пэўнае паляпшэнне. І тут здарылася страшнае: ва ўзросце 54 гадоў памерла маці. Каб падтрымаць аўдавелага бацьку, дзяўчына вырашыла пасля заканчэння педінстытута прасіць работу як мага бліжэй да дому. Працэс працаўладкавання прайшоў няпроста. Маладога спецыяліста запрашалі то ў Маладзечна, то ў Івянец, то ў Забрэззе, то ў Вішнева, то ў якасці дырэктара ў Даўбені. Такім чынам ужо дарослай зноў трапіла ў Валожын. У СШ № 2 і ў вячэрняй школе выкладала мову і літаратуру. Жыццё тады моцна адрознівалася ад сучаснага. У інтэлігентнай моладзі зусім адсутнічаў культ рэчаў. Умелі абыходзіцца нямногім. Маладой настаўніцы ніхто не дапамагаў. Бацька даў грошай, каб справіла сукенку на інстытуцкі выпускны. Менавіта ў ёй і прыйшла на свой першы ўрок у якасці настаўніка. О, колькі часу прайшло, пакуль не разжылася на больш разнастайны гардэроб. Між іншым, у часы яе маладосці клімат быў не такім мяккім, як зараз. Зімой маразы стаялі сапраўдныя, траскучыя. А паліто ў юнага педагога адзінае – яно ж вясновае, яно ж зімовае…

У Валожыне сустрэла і сваю другую палавіну. Справы складваліся наступным чынам. Юнакі і дзяўчаты не былі прывучаны, каб іх хто забаўляў. Усе любілі кіно, хадзілі ў бібліятэку. Асветніцкія мерапрыемствы заканчваліся танцамі, а затым хлопцы і дзяўчаты ішлі гуляць па горадзе. Створаныя пары, так бы мовіць, “хадзілі”. І хадзілі доўга. Жанчына са шкадаваннем праводзіць паралель з сучаснасцю. Вось жа не паспеюць пазнаёміцца, а ўжо вымушаны жаніцца, бо чакаюць дзіця. Па яе меркаванні менавіта ў адсутнасці прынцыпаў праблемы сучаснай моладзі. У яе і абранніка ўсё было інакш. Юра доўга толькі праводзіў нарачоную дадому. Чалавек спакойны і вытрыманы, ён, напэўна, яшчэ б не хутка асмеліўся зрабіць прапанову. Але ўсё вырашыў выпадак. Да маладога педагога начальства прыступілася з настойлівымі ўгаворамі прыняць у якасці дырэктара Філіпіняцкую школу. Праплакаўшы ноч, расказала пра праблему каханаму. Той разважыў катэгарычна: “Нікуды ты не паедзеш!” і… пайшоў. А праз сяброўку перадаў Зоі, каб тая назаўтра ў 12.00 была ў ЗАГСе.

Вось так пачалося іх сямейнае жыццё. Малады муж служыў у воінскай часці, яна ж засталася ў СШ № 2. Нарадзіліся дзеці, вырашылася жыллёвае пытанне. Яны шчыра і аддана працавалі. Юрый Мікалаевіч пасля таго, як пакінуў службу, спачатку ўваходзіў у склад калектыву Тэрмапласта, затым – ПТВ. Гэта быў высокаінтэлігентны, вельмі сціплы і стрыманы чалавек. Яны былі шчаслівымі разам, гарманічна дапаўнялі адзін аднаго. Шлюб доўжыўся 62 гады. У сакавіку вернага спадарожніка Зоі Лук’янаўны не стала. Перажытае гора, як прынята казаць, падкасіла здароўе, паглыбіла ў дэпрэсію. Толькі вечная аптымістка і жыццялюб, былы грамадскі актывіст і дэпутат не здаецца. У свае, скажам так, немалыя гады вядзе даволі актыўны вобраз жыцця. Разам з такімі ж, як яна, жанчынамі з цікавасцю ўдзельнічае ў розных праектах тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, член клуба “Залатая восень”. Сакрэтам добрага знешняга выгляду лічыць пастаянную рухальную актыўнасць і шчырую зацікаўленасць жыццём роднай Беларусі.
Мне, чалавеку, які вельмі любіць родную мову, кожны раз прыемна чуць водгукі колішніх вучняў настаўніцы пра яе выкладанне. Строгая, але добрая, патрабавальная, заўсёды гатовая ўнікнуць у сітуацыю, усё зразумець і дапамагчы… Выключны класны кіраўнік, за якім школьнікі адчувалі сябе, як за каменнай сцяной… Цудоўны расказчык, чыю харызму можна параўнаць з артыстычнай, бо калі вяла аповед пра гісторыі жыцця пісьменнікаў ці зачытвала ўрыўкі з твораў, адвесці ад яе вочы і не слухаць, было немагчыма. Ведама ж: дыкцыя, вымаўленне, уменне інтанацыйна і эмацыянальна падаць матэрыял…

Зоя Лук’янаўна Разанава даўно не працуе, але заўсёды адчувае сваю сувязь са школай, якую лічыць роднай, і шчыра жадае цяперашнім калегам высока несці званне педагога, а вучням – наталяцца ведамі і імкнуцца да дабра і святла.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара