Валожынскі музей запрашае…

Важное Культура

Супрацоўнікі Валожынскага краязнаўчага музея вырашылі пазнаёміць наведвальнікаў з каштоўнымі экспанатамі. На сёння ў фондах установы іх больш за шэсць тысяч. Ёсць унікальныя, вельмі рэдкія прадметы. Кожны з іх – сведка важных падзей мінуўшчыны, нітачка, якая дапамагае адкрыць малавядомыя старонкі гісторыі і культуры нашага працавітага, таленавітага і мужнага народа. Спадзяёмся, што цыкл выстаў “Па слядах музейнага экспаната”, які распачаўся ў Валожынскім краязнаўчым музеі, знойдзе і зацікавіць свайго наведвальніка.

Першы прадмет, што прадстаўлены для азнаямлення, – копія слуцкага пояса, якая дакладна паўтарае гістарычныя першаўзоры. Набыты экспанат у 2016 годзе за фінансавыя сродкі з раённага бюджэту.

Вытворчасць гэтага ўнікальнага беларускага брэнда была адноўлена ў канцы 2013 года на прадпрыемстве “Слуцкія паясы” ў рамках дзяржпраграмы “Адраджэнне тэхналогій і традыцый вытворчасці слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі “Слуцкія паясы” на 2012-2015 гады”. Па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь новую тэхналогію ткацтва пояса распрацавалі віцебскія праграмісты. Яны адрадзілі ўнікальныя традыцыі вырабу слуцкіх паясоў з выкарыстаннем сапраўдных шаўковых, залатых і сярэбраных нітак, характэрныя арнаменты і колеры.

Сёння гэту работу выконвае станок, які складаецца з дзвюх частак: ткацкай і джакардавай машыны. Унікальнасць абсталявання заключаецца ў тым, што спалучае сем асноў, 1200 нітак, шэсць чаўноў. Станок мае сучаснае праграмнае кіраванне. Слуцкае прадпрыемства выпускае ў месяц каля пяці паясоў на заказ. Іх даўжыня – 3,5 м. Кошт вырабу залежыць ад нітак, якія выкарыстаны для арнаменту і ўзору: у золаце – 7000, у серабры – 5000, у шоўку – 2000 рублёў. Эксперты пацвердзілі поўнае падабенства аналагу і арыгінала.

Слуцкі пояс – прыгожы, шыкоўны і дарагі прадмет. У адзенні магнатаў ён быў сімвалам прыналежнасці да эліты, шматвяковых сямейных традыцый і заможнасці. Насіць такія паясы мела права толькі шляхта, не насіць яго шляхціч проста не мог. Натуральны атрыбут з сярэбраных і залатых нітак каштаваў вельмі дорага. Яго кошт адпавядаў кошту двух пародзістых коней. Таннейшым быў пояс, у якім залатыя ці сярэбраныя ніткі дадаваліся да шаўковых. Просты пояс ткаўся толькі з шаўковых нітак. Ну, а самыя бедныя, але ганаровыя шляхцічы маглі выкарыстоўваць ношаныя паясы, якія прывозілі з Усходу. Яны былі падлатаныя, памытыя, адпрасаваныя і належным чынам дапаўнялі мужчынскае адзенне.

Адышоў у мінулае шляхецкі касцюм, змянілася мода ў побытавых і дэкаратыўных тканінах, але слава слуцкіх паясоў не страціла сваёй сілы, яна набыла новае значэнне.

Запрашаем усіх жадаючых наведаць міні-выставу “Слуцкі пояс – гісторыя і сучаснасць!”. Пра экспазіцыю “Па слядах музейнага экспаната” можна даведацца на сайце Валожынскага райвыканкама http://www.volozhin.gov.by/ru/sotsialnaya-sfera/kultura/gu-volozhinskij-kraevedcheskij-muzej, у сацыяльных сетках “Аднакласнікі”, https://ok.ru/profile/585218853039, «УКантакце» https://vk.com/id610233207, “Інстаграм” ttps://www.instagram.com/voloshinmuseum/.