Рашэннем ЮНЕСКА 2020-ы год абвешчаны Годам Фердынанда Рушчыца

Важное Культура

Фердынанд Рушчыц нарадзіўся 29 кастрычніка 1870 года ў маёнтку Багданава, тады – Ашмянскага павета. Праславіўся як мастак, графік, тэатральны дэкаратар і педагог. Ён – яскравы прадстаўнік культурных супярэчнасцей сваёй эпохі. Наследаваў традыцыі беларускага, польскага, французскага мастацтва, у некаторых творах адметны ўплыў мадэрну.

Мастак шмат зрабіў для развіцця жанру пейзажа, матэрыялізаваў магутны нацыянальна-патрыятычны імпульс. Яго вельмі суцэльная па духу творчасць ярка адлюстроўвала праблематыку тагачаснага сялянскага жыцця.

У творчасці Рушчыца самабытна прысутнічае побыт беларускага народа. Дачка мастака Яніна Рушчыц сцвярджае, што яе бацька заўсёды лічыў сябе “тутэйшым”, г. зн. беларусам.

У 1932 годзе Фердынанд Рушчыц канчаткова пераехаў жыць у Багданава. У 1935 годзе Прэзідэнт Польшчы Ігнацы Масціцкі ўдастоіў яго звання ганаровага прафесара ўніверсітэта Стэфана Баторыя.

30 кастрычніка 1936 года мастака не стала… Ён пахаваны ў Багданаве на мясцовых могілках.

ПАМЯЦІ НАСТАЎНІКА

Мне выпаў лёс быць зямлячкай беларускага мастака, вучня І. Шышкіна, Фердынанда Рушчыца, які праславіў маю малую радзіму, вёску Багданава, на ўвесь свет. Карціны Рушчыца ўпрыгожваюць Траццякоўскую галерэю, Беларускі дзяржаўны мастацкі музей, а таксама выставачныя экспазіцыі далёкага замежжа.

На маёй бацькаўшчыне, у Багданаве, адна з вуліц носіць імя славутага земляка. Не так даўно, глядзеўшы па тэлебачанні праграму пра пленэр мастакоў Беларусі, які праходзіў у ваколіцах Багданава, раптоўна агарнулі ўспаміны больш за трыццацігадовую даўнасць, калі аўтарка гэтага ліста была вучаніцай старэйшых класаў. Дырэктарам школы тады працаваў Іван Міхайлавіч Сівы. Гэта ён стаяў ля вытокаў краязнаўчай працы па ўшанаванні памяці Ф. Рушчыца, з’яўляўся першапраходцам, калі можна так сказаць, у справе даследавання жыцця і творчасці славутага мастака. І. М. Сівы пры садзейнічанні вучняў і калег сабраў шмат інфармацыі пра Рушчыца. А галоўнае, стварыў невялічкі музей сусветнавядомага земляка, устанавіў памятны знак каля школы, які і сёння застаецца на тым жа самым месцы.

Менавіта з вуснаў Івана Міхайлавіча мы ўпершыню пачулі імя Фердынанда Рушчыца. Вучні нават павінны былі стаць экскурсаводамі ў музеі. Чаму гэта не адбылося – не ведаю. Аднак захаваліся некалькі аркушаў паперы, напісаныя рукой І. М. Сівага пра біяграфічныя звесткі мастака, назвы яго палотнаў. Тэкст прызначаўся нам, юным экскурсаводам. Але, на вялікі жаль, нам так і не давялося правесці хоць адну экскурсію ў музеі…

Няўмольна ляцяць гады. Час паступова ўсё расстаўляе па сваіх месцах. Сёння імя Фердынанда Рушчыца ведае сусвет, лепшыя музеі і галерэі лічаць за гонар мець у сябе яго карціны, а мы па праве ганарымся таленавітым ураджэнцам роднага краю. І вельмі хочацца, каб не згубілася памяць пра чалавека, які першым пачаў адраджаць славу мастака на яго радзіме, імкнуўся, каб людзі ведалі, хто такі Рушчыц, і ганарыліся ім.

Звалі яго Іван Міхайлавіч Сівы. Гэта быў настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Багданаўскай СШ, ён працаваў тут завучам і дырэктарам, вызначаўся ўсебаковай эрудыцыяй і вельмі любіў свой родны кут, землякоў, нас, вучняў і жадаў, каб мы выраслі годнымі людзьмі, ведалі свае карані, сваю гісторыю.

Былыя калегі Івана Міхайлавіча Сівага, яго маладзейшыя паслядоўнікі лічаць, што імя чалавека, які першым загаварыў на Багданаўшчыне пра Фердынанда Рушчыца, трэба абавязкова ўзгадваць на пленэрах мастакоў, падчас візітаў ганаровых гасцей, у музейных інфармацыйных звестках і дакументах.

Наталля КАВАЛЕВІЧ,
былая вучаніца Багданаўскай СШ

 

СУСВЕТНАВЯДОМАМУ МАСТАКУ – АД УДЗЯЧНЫХ ЗЕМЛЯКОЎ

Рашэннем ЮНЕСКА 2020-ы год абвешчаны Годам Фердынанда Рушчыца. Увесь год у Беларусі і за яе межамі ўспамінаюць знакамітага пейзажыста. Нагадаем, што добрыя навіны прыйшлі з Парыжа яшчэ ў канцы лістапада 2019-га, калі Генеральная канферэнцыя ЮНЕСКА ўключыла 150-годдзе з дня нараджэння Ф. Рушчыца ў Каляндар памятных дат.

Фердынанда Рушчыца як мастака і жывапісца ведаюць, напэўна, усе. Нядзіўна, што яго вобразы, якія характарызуюцца бесперапыннай эвалюцыяй стылю і тэмы, прыцягваюць увагу мноства зацікаўленых аматараў. Аднак мала хто ведае, што Рушчыц таксама быў выдатным сцэнографам, графічным дызайнерам, грамадскім актывістам.

Сын беларускай зямлі і сёння з’яўляецца фігурай недасягальнай, таямнічай, інтрыгуючай. Тым, хто адкрывае чарговыя раздзелы яго жыццёвага падарожжа, мастак падаецца вельмі займальным персанажам: з аднаго боку, “легкадумны”, здольны акліматызавацца ў любым асяроддзі і ў любой новай ролі, а з іншага – поўны настальгіі і тугі па спакойным радавым Багданаве з прадказальным рытмам падзей, роднымі прасторамі, якія супакойваюць душу і сэрца…

У Валожынскім краязнаўчым музеі адбылася сустрэча з сааўтарам і кансультантам даведачнага выдання пра мастака Фердынанда Рушчыца Алай Аляксандраўнай Макарэвіч, якая расказала аб працы над дадзенай кнігай-альбомам. Падчас размовы яна падкрэсліла, што мэтай аўтарскага калектыву было паказаць Фердынанда Рушчыца як высокаадукаванага, таленавітага чалавека, грамадскага дзеяча, выдатнага арганізатара культурнага жыцця. Тут размешчаны дакументы, фатаграфіі і малюнкі, а таксама ўспаміны і водгукі сучаснікаў мастака аб яго дзейнасці, запісы з дзённікаў Рушчыца і прэс-рэлізы, у якіх ён дзяліўся сваім замілаваннем да тагачаснай культуры і народных традыцый. Альбом дае магчымасць ажыццявіць падарожжа ў менш вядомыя этапы жыцця і творчасці Фердынанда Рушчыца, запрашае пазнаць глыбіню яго думак, непакорлівую душу і праніклівы розум, якія не паддаваліся нягодам гісторыі і чалавечым слабасцям, але дазвалялі мастаку развівацца, каб стаць усебакова развітай асобай.

Тэксты выдання на дзвюх мовах – польскай і беларускай. Дарэчы, вышэйназваны асобнік Ала Аляксандраўна падаравала музею. Кніга выдадзена ў прыватным выдавецкім унітарным прадпрыемстве “Галіяфы” ў жніўні 2019 года і з’яўляецца на сённяшні дзень адзіным выданнем пра Рушчыца як асобу і сучасніка вялікіх падзей міжваеннага перыяду. Улічваючы тое, што кніга мае багаты даведачны і ілюстрацыйны матэрыял, яна можа быць карыснай не толькі для аматараў і даследчыкаў жыцця і творчасці мастака, але і для шырокага кола чытачоў, неабыякавых да сваёй культурнай спадчыны.