ТЭЛЕФОН МІЛІЦЫІ — 102

Закон и порядок

ЖОНКІ НАПАЛОХАЛІ

Адразу два сігналы паступілі 1 жніўня ў дзяжурную часць аб прапажы жанчын. Адна, жыхарка Кіяўца, пайшла ў лес па ягады, а другая, грамадзянка Расіі, якая адпачывае ў адным з санаторыяў на тэрыторыі раёна, паехала на аўтобусе ў Мінск і прапала. Міліцыя распачала пошукі. На шчасце, абедзве жанчыны вярнуліся самастойна, чым вельмі абрадавалі напужаных мужоў.

ОЙ, СІВЫ КОНЬ БЯЖЫЦЬ…

Ужо трэція суткі, як адзін з жыхароў вёскі Дварэц шукае каня. Да пошукаў падключылася і міліцыя. Па некаторых звестках жывёлу бачылі каля Ласокіна. Як спутаны конь мог так далёка зайсці, застаецца загадкай.

СЛЁЗЫ АД ЦЫБУЛІ

Участковы Гародзькаўскага адміністрацыйнага ўчастка вядзе следства па факту знікнення дзесяці кілаграмаў цыбулі з прыватнага агарода. Невядомы злодзей панёс ураджай прама з грады. Праўда, на месцы злачынства засталіся сляды босых ног. Так што наўрад ці зламыснікам акажацца заезджы…

ДАВЕДКА З ПАДВОХАМ

Жыхар Мінска звярнуўся да аднаго з дзяржаўных натарыусаў заверыць даверанасць. Дакумент натарыусу паказаўся падазроным. Зараз праводзіцца экспертыза на прадмет падробкі. Калі факт пацвердзіцца, то мужчыну пагражае сур’ёзная крымінальная адказнасць.

НЯНЬКІ НЕ ЎПІЛЬНАВАЛІ

У бальніцы аказвалі медыцынскую дапамогу трохмесячнай дзяўчынцы, якая атрымала закрытую чэрапна-мазгавую траўму. Наўмыснае нанясенне пашкоджанняў немаўляці не пацвердзілася. Дзяўчынка звалілася з вышыні па недагляду дарослых.

РЫЖЫЯ ПРАЙДОХІ

Звярнуцца за дапамогай да ўчастковага жыхара вёскі Селішча прымусіла прапажа двух кілаграмаў лісічак. Пасля нядоўгіх пошукаў лісічкі былі знойдзены. Крымінальнай падаплёкі факт не меў. Змучаны хадзьбой па лесе, чалавек проста забыўся, дзе паставіў кошык.

“ПАЛАСАВАЎСЯ” РЫБКАЙ

У магазіне “Гасцінец” у райцэнтры прадаўцы злавілі несумленнага пакупніка і выклікалі міліцыю. Спачатку ён вёў сябе прыстойна – паклаў у карзіну хлеб, пачку дзіцячага харчавання, бляшанку рыбных кансерваў. Але потым адышоў убок і пералажыў “Кількі ў тамаце” ў кішэнь, што своечасова і заўважылі прадаўцы. З-за малазначнасці крадзеж класіфікуецца як адміністрацыйнае правапарушэнне, але штраф злодзею пагражае значны – за такія грошы можна набыць цэлую скрыню кансерваў.

Матэрыял да друку

па міліцэйскіх зводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий