Каранавірус: меры прафілактыкі

Безопасность и здоровье Важное

Каранавірус (COVID-19) – гэта вострае віруснае захворванне. Яно характарызуецца пераважна паражэннем дыхальнай сістэмы і страўнікава-кішачнага тракту.

Сусветная арганізацыя аховы здароўя просіць выконваць меры бяспекі – толькі так можна стрымаць пандэмію. Прафілактыка вельмі важная для кожнага чалавека незалежна ад узросту і нацыянальнай прыналежнасці.

Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі рэкамендуе для мінімалізацыі рызыкі ўзнікнення і распаўсюджання інфекцыі выконваць наступныя мерапрыемствы.
1. Не датыкацца рукамі да твару. Вучонымі падлічана, што ў сярэднім за гадзіну людзі робяць гэта каля 25 разоў. А да таго датыкаюцца да розных паверхняў, на якіх можа быць вірус. У палавіне выпадкаў заражэнне адбываецца наступным чынам: вірус пранікае праз слізістыя – вочы, рот, нос.
2. Мыць рукі. І рабіць гэта як мага часцей на працягу 40-60 секунд. Калі працэдура адбываецца ў грамадскім месцы, кран закрывайце аднаразовым ручніком, якім выцерлі рукі. Неабходна карыстацца вадкім мылам з дазатарам.
3. Выкарыстоўвайце антысэптыкі. Працягласць апрацоўкі рук – 20-30 секунд. Важна звяртаць увагу на склад і спектр дзеяння прэпарату (абавязкова бактэрыцыдны і вуруліцыдны).
4. Прыкрывайце рот і нос у час чхання і кашлю. Можна рабіць гэта ў сурвэтку ці ў сагнуты локаць. Выкарыстаныя сурвэткі выкідвайце ў кантэйнер для смецця. Помніце: далонямі прыкрывацца нельга. Вірус трапляе на рукі, якімі пасля датыкаемся да прадметаў.
5. Насіце маскі. Гэтыя вырабы прызначаны для хворых людзей, а таксама для тых, хто даглядае хворых. Маска павінна шчыльна прылягаць да твару. Мяняць яе неабходна кожныя 2-3 гадзіны.
6. Пазбягайце блізкіх кантактаў, заставайцеся на самаізаляцыі. Спецыялісты рэкамендуюць трымацца ад іншых людзей на адлегласці не менш за метр. Пра рукапацісканні ці тым больш абдымкі пакуль лепш забыцца.
7. Праветрывайце памяшканні. Прыток свежага паветра зніжае вірусную нагрузку.

Асабліва на прафілактыку павінны звяртаць увагу пажылыя людзі. Рызыка пасля 65 гадоў значна павялічваецца. Асабліва цяжка інфекцыя працякае ў асоб, што маюць хранічныя захворванні. Такім катэгорыям рэкамедуецца заставацца дома, абмежаваць кантакты, абавязкова захоўваць дыстанцыю.

Кацярына ЗУБОВІЧ,
урач-эпідэміёлаг