«Людзей у бядзе не пакінем!»

Важное Официально

Так пракаменціраваў дырэктар будаўнічага ўпраўлення № 2 ААТ “Палессежылбуд” Уладзімір ТРУПКО непрыемную сітуацыю, якая склалася ў выніку затаплення кватэр у доме № 6а па вуліцы Партызанскай у Валожыне.

Рамонтныя работы на шматпавярхоўцы распачаліся 21 ліпеня. Падрадчыкам стала вышэйзгаданая арганізацыя, адказны за выкананне – намеснік дырэктара Юрый Лаўрыненка. Згодна з дагаворам, за два месяцы тут будуць заменены дах, вентыляцыйныя шахты, а таксама зроблена адмостка вакол дома. Будаўнікі ўжо паспелі правесці параізаляцыю – накрылі ніжні слой руберойдам. Усё ішло сваім парадкам да таго часу, пакуль упершыню за больш чым чатыры тыдні спёкі не пайшоў шчодры дождж, а праз дзень-другі дадаўся лівень. Вось тады і ўзнікла праблема: вада прынесла шкоду ў 21 кватэру.

    Як расказаў прараб Міхаіл Сафонаў, у сувязі з вялікімі ападкамі на паверхні ўтварылася сапраўднае возера – ліўневыя каналізацыі не справіліся з такім патокам, і вада пайшла па плітах. Да таго ж адзін ліўневы стаяк быў цалкам забіты – зараз цяжка сказаць, хто ў гэтым вінаваты.

    Зразумела, хутка выправіць сітуацыю не ўдалося. Таму была створана спецыяльная камісія з ліку работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, белдзяржстраху, будаўнікоў і жыхароў дома. Разам яны прайшліся па кожнай кватэры, вызначылі аб’ём і ўрон. На дадзены момант складзены акты аб выяўленых дэфектах, што адбыліся ў выніку затаплення. Тыя ўласнікі, жыллё якіх было застрахавана, атрымаюць кампенсацыю ад страхавых кампаній. А вось жыхарам 10 кватэр выплату прычыненага ўрону, згодна з каштарысам, правядзе будаўнічая арганізацыя: хтосьці з пацярпелых пагадзіўся “наводзіць парадак” самастойна, таму ім выплацяць канкрэтную суму на пакрыццё затрат, ёсць і тыя, хто пажадаў, каб вымушаны рамонт праводзілі спецыялісты.

    Падчас размовы дырэктар БУ-2 У. І. Трупко запэўніў, што людзей у бядзе не пакінуць. Уладзімір Іванавіч некалькі разоў прыязджаў на месца і зараз асабіста займаецца кампенсацыяй страт. Каб сітуацыя не паўтарылася, гарышча накрылі плёнкай, а на ўчастках, дзе вядуцца дахавыя работы, узведзены спецыяльныя часовыя шатры.

Наш кар.