Падарожжа ў краіну ведаў – старт дадзены!

Главное Общество

1 верасня прайшлі ўрачыстыя лінейкі ва ўсіх установах агульнай сярэдняй адукацыі раёна.

Святочна прагучаў першы званок у сярэдняй школе № 2 г. Валожына. Гэту ганаровую місію выканалі вучань 11 класа Ілля Бункевіч і першакласніца Ганна Бацян.

 

Каб прыняць удзел ва ўрачыстай лінейцы і павіншаваць валожынскіх гімназістаў са святам 1 верасня прыехалі старшыня райвыканкама Яўгеній Міхайлавіч Круковіч і начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Крыкала.

Кіраўнік раёна падчас свайго невялікага, але эмацыянальнага выступлення пажадаў вучнёўскаму і настаўніцкаму калектывам здароўя, поспехаў, імкнення да дасягнення самых неверагодных вышынь. Затым дырэктару ўстановы адукацыі Алене Іванаўне Клачко быў уручаны сертыфікат на чатыры тысячы рублёў. Як стала вядома, падарунак плануецца рэалізаваць наступным чынам: набыць неабходнае вучэбнае абсталяванне.

Сёння Валожынскай гімназіі ёсць чым ганарыцца. 11 гадаванцаў за высокія дасягненні ў вучобе атрымалі залатыя медалі. Амаль 90% учарашніх адзінаццацікласнікаў паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Выпускніца Анастасія Гаўрыс на цэнтралізаваным тэсціраванні паказала вынік у 100 балаў. Многія юнакі і дзяўчаты па асобных прадметах ад лідара адсталі зусім нязначна – атрымалі літаральна на некалькі балаў менш.

За ўменне годна паказаць сябе падчас розных конкурсаў, прадметных алімпіяд вучні і настаўнікі гімназіі за мінулы вучэбны год сабралі багаты ўраджай дыпломаў і ганаровых грамат. Толькі за ўдзел у конкурсе даследчых работ у скарбонцы гімназістаў і іх педагогаў тры дыпломы абласнога ўзроўню і два – рэспубліканскага.

Настаўніку Таццяне Іванаўне Саевіч прысвоена катэгорыя “Настаўнік-метадыст”. На раённай канферэнцыі граматай упраўлення па адукацыі адзначаны Аляксандр Аляксандравіч Кербедзь і Святлана Вітольдаўна Федарака.

У бягучым годзе за парты гімназіі № 1 г. Валожына селі 449 хлопчыкаў і дзяўчынак, а гэта на дзесяць чалавек больш, чым у мінулым годзе. 18 адзінаццацікласнікаў (адзін клас) выйшлі, так бы мовіць, на фінішную прамую свайго школьнага жыцця, а іх змена – першакласнікі ў колькасці 53 чалавек склалі два класы.

Першы званок – гэта шчымлівае і кранальнае мерапрыемства. Таму кожнае слова, што гучала ў святочны дзень на гімназічным двары, толькі ўзмацняла атмасферу ўрачыстасці. Як заўсёды, асаблівыя пачуцці ў прысутных выклікалі маленькія героі дня. Навічкі, якія папоўнілі дружную каманду, шчыра і пранікнёна павіталі сваіх новых сяброў, настаўнікаў і ўсхваляваных бацькоў, а затым традыцыйны першы званок паклікаў усіх на першы ўрок.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,
фота аўтара

 

Сярэдняя школа № 1 райцэнтра па праве лічыцца адной з найбольшых у раёне: 1 верасня званок паклікаў на ўрокі 621 вучня. А папярэднічала гэтаму маштабная ўрачыстая лінейка.

Перад педагогамі, школьнікамі, іх бацькамі і сваякамі першай выступіла дырэктар установы Ірына Вацлаваўна Чаховіч. Яна павіншавала прысутных з пачаткам новага навучальнага года і пажадала добрай вучобы. Асобна кіраўнік прывітала першакласнікаў: сёлета на прасторную дарогу да ведаў ступіў 71 малыш. У падарунак кожны з іх атрымаў сваю першую кнігу пад назвай “Мая Радзіма – Беларусь”.

Па даўняй традыцыі, званочкі ў руках вучняў 1 класа Арыны Сухадолец і Арсенія Пасекі, якіх падтрымалі адзінаццацікласнікі Ганна Загоранка і Мікіта Поль, абвясцілі пра пачатак вучобы і паклікалі ўсіх у класы на першыя ўрокі. Няхай жа навука даецца лёгка, а год будзе паспяховым і для школьнікаў, і для настаўнікаў!

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА

 

На ўрачыстай лінейцы, прысвечанай святу першага званка ў Дорскай сярэдняй школе прысутнічалі не толькі вучні, настаўнікі, бацькі, але і людзі, для якіх падарожжа ў Краіну ведаў даўно ўжо стала прыемным успамінам.

Вось і ў Дорах 1 верасня было шумна і весела. Школьны будынак зіхацеў вымытымі да бляску вокнамі, вабіў пахамі чысціні і свежасці. Рамонт памяшкання педкалектыў зрабіў уласнымі рукамі. Пастараліся на славу: класныя пакоі, кабінеты для вывучэння асобых прадметаў, спартыўная зала, сталовая і кухня адпавядаюць усім нарматыўным патрабаванням, радуюць вока дэкорам і ўтульнасцю.

За парты сёлета тут сеў 81 вучань. Чатыры першакласнікі пераступілі парог установы навучання ўжо як школьнікі, а не выхаванцы дзіцячага садка. Веды даручана даваць 22 настаўнікам – школа цалкам укамплектавана педагагічнымі кадрамі.

Самым хвалюючым момантам на лінейцы, як лічаць і дзеці, і дарослыя, стаў запуск паветраных шароў. Ад кожнага класа ў неба ўзняўся каляровы пасланец, і дзясяткі вачэй сачылі, як імкліва ён знікае, бы тое лета, што яшчэ ўчора радавала і весяліла…

Алена ЗБІРЭНКА

 

У незвычайным фармаце прайшла сёлета ўрачыстая лінейка, прысвечаная Дню ведаў, у сярэдняй школе № 2 г. Валожына. На ёй прысутнічалі толькі вучні першых, пятых, дзявятых, дзясятых класаў, а таксама іх настаўнікі і бацькі. У астатніх рабят ішлі ўрокі.

Павіншаваць педагогаў, рабят і іх бацькоў на мерапрыемства завіталі ганаровыя госці. Старшыня раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Вераніка Віктараўна Загорская перадала дырэктару ўстановы адукацыі Аляксандру Мікалаевічу Уланчыку кубак і Дыплом II ступені за перамогу ў абласной спартакіядзе вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі па выніках 2019-2020 навучальнага года. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Марыя Мікалаеўна Камінская шчыра падзякавала за плённую працу падчас уборачнай кампаніі настаўніку Сяргею Міхайлавічу Шаўлюку, які ўжо шмат гадоў у час водпуску працуе камбайнерам. Сёлета, да таго ж, ён увайшоў у лік тых, хто намалаціў звыш тысячы тон збожжа.

Школьную сям’ю ў новым навучальным годзе папоўнілі 32 першакласнікі. Хвалююча і кранальна прагучала выступленне іх прадстаўнікоў падчас лінейкі. Малыя амаль не хваляваліся, чаго не скажаш пра адзінаццацікласнікаў, для якіх пачынаецца вельмі важны, адказны перыяд у жыцці. Пажадаем жа юнакам і дзяўчатам дасягнуць тых высокіх мэт, што яны ставяць сёння перад сабой.

 

 

Урачыстай лінейкай традыцыйна распачаўся новы навучальны год у Валожынскім сельскагаспадарчым прафесіянальным ліцэі. Дзверы ўстановы адукацыі гасцінна расчыніліся перад навучэнцамі другога, трэцяга курсаў і тымі, хто ўпершыню пераступіў парог установы.

Пад гукі гімна быў узняты дзяржаўны сцяг. Ганаровае права зрабіць гэта было прадастаўлена аднаму з лепшых навучэнцаў ліцэя Паўлу Курзянкову і намесніку дырэктара па вучэбна-выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце Марыне Віршыч.

Прысутныя дружна віталі новае папаўненне. Для юнакоў і дзяўчат гэта важны, запамінальны дзень. Сёлета прыступаюць да заняткаў чатыры групы першакурснікаў. Учарашнія школьнікі толькі распачынаюць свой вучэбны шлях ва ўстанове, таму зразумела іх хваляванне і няўпэўненасць.

Першым узяў слова дырэктар ліцэя Павел Хількевіч. Ён прывітаў прысутных і пажадаў усім плённай працы, натхнення, новых дасягненняў і здабыткаў. Павіншаваць рабят з Днём ведаў на мерапрыемства завіталі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Ірына Жданюк і начальнік крымінальнай выканаўчай інспекцыі РАУС, маёр міліцыі Ігар Міхайлаў. З найлепшымі пажаданнямі звярнуўся да прысутных майстар вытворчага навучання адной з груп першакурснікаў Іван Маршалок. Шмат цёплых і добрых слоў прагучала ў адрас адміністрацыі, педагогаў і работнікаў ліцэя ў выступленні навучэнкі трэцяга курса Ганны Лашук.

Пасля ўрачыстай часткі ўсіх навучэнцаў запрасілі ў актавую залу, дзе прайшоў агульны першы ўрок, прысвечаны тэме малой радзімы.

Тэкст і фота Анжэлы РАДЫНА