З верай у дабро, з надзеяй на жыццё

Важное Общество

31 жніўня 2020 года Івянец гасцінна сустрэў сваіх даўніх сяброў – удзельнікаў Міжнароднай сацыяльна-творчай праграмы “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця”.

Гэта праграма дае магчымасць таленавітай моладзі з розных куточкаў Беларусі сабрацца разам, праявіць свае здольнасці. Мерапрыемства распачалося ў фае ДУК “Івянецкі Дом культуры” ў 17.00. Спачатку ўдзельнікі, госці і жыхары змаглі пазнаёміцца з выставай работ юных мастакоў ДУА “Івянецкая школа мастацтваў імя Канстанціна Паплаўскага” “Штрых мастака”. Затым удзельнікі ўзорнага тэатра лялек «Вандроўка» паказалі міні-спектакль “Не жартуй з агнём!”. Дарэчы, сёлета калектыву спаўняецца 25 гадоў. З гэтай нагоды і за актыўны ўдзел у 34 міжнароднай сацыяльна-творчай праграме ён узнагароджаны дыпломам 1-й ступені.

Сабраных гасцей прывітала старшыня Івянецкага пасялковага выканаўчага камітэта Тарэса Яўгеньеўна Ліпніцкая. Потым адбыўся канцэрт “У будучыню – з надзеяй”. Падрыхтавала яго нязменны кіраўнік Кацярына Іванаўна Копелева. Перад пачаткам праграмы яна зрабіла невялічкі экскурс у гісторыю ўзнікнення шляху, хто стаяў у яго вытокаў.

Івянец заўжды быў калыскай талентаў: мастакоў, ганчароў, разьбяроў, паэтаў, аматараў тэатра, харэаграфіі. І сучасныя маладыя івянчане пацвердзілі сваё майстэрства: танцавальны калектыў “TESS” ДУК “Івянецкі Дом культуры” (кіраўнік К. А. Бібік), Мірына Адамовіч, Аэліта Жаўток, Аляксандра Макась – маленькія вакалісты Дома культуры (кіраўнік М. Л. Вайткевіч), Надзея Чмірова (мастацкае чытанне), узорны тэатр лялек «Вандроўка» (кіраўнік Б. А. Нюшкова).

Пасля выступлення івянчан на сцэну выйшлі мэтры. Гледачы шчырымі апладысментамі віталі народнага артыста Беларусі, усімі любімага і вядомага Эдуарда Ханка, артыстаў беларускай эстрады Раміра Баро, Дзмітрыя Шуканава.

У канцы мерапрыемства ўсім артыстам былі ўручаны кветкі, а госці і гаспадары абмяняліся падарункамі.

Вікенцій АДАМОВІЧ,
начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама,
фота аўтара