ЗАВІТАЎ КАЛМАТЫ «ГОСЦЬ»…

Культура

Нядаўна ў рэдакцыю патэлефанаваў даўні сябра раённай газеты, добра знаёмы чытачам па многіх публікацыях прыродазнаўчага характару – вядучы інжынер УП “Белдзяржпаляванне”, паляўніцтвазнавец з больш чым 30-гадовым стажам Васіль Уладзіміравіч Шакун. Звесткамі субяседнік падзяліўся цікавымі: на тэрыторыі раёна з’явіўся… мядзведзь!

Сляды дарослага звера ўбачыў былы егер Валожынскага лясгаса Леанард Робертавіч Юрэвіч на тэрыторыі паміж рэчкамі Каменка і Ізледзь. Вялі яны ў бок Дайнавы – відавочна, мядзведзь прыйшоў сюды са Стаўбцоўшчыны.

Вопытны паляўнічы насцярожыўся: яму ўжо даводзілася сустракацца з гаспадаром лесу, найбольш “блізкае” апошняе “знаёмства” адбылося ў 70-х гадах мінулага стагоддзя. Тады Леанард Робертавіч падчас абходу ўчастка наткнуўся на тушу забітага лася. Спачатку думаў, браканьеры пастараліся, але, прыгледзеўшыся, заўважыў: зброяй забойцы былі доўгія кіпцюры ды моцныя іклы. Егер накіраваўся паведаміць пра здарэнне, а калі вярнуўся, рэшткаў ужо не было. Відаць, драпежнік надзейна прыхаваў іх…

Для былых часоў сустрэча з мядзведзем не была такой ужо і рэдкасцю. Яшчэ ў першай палове XIX стагоддзя гэтыя звяры вадзіліся па ўсёй Беларусі. За апошнія 60 гадоў арэал рассялення моцна скараціўся з-за інтэнсіўнай высечкі лясоў, асушэння балот і, вядома ж, дзвюх войнаў. Тыя мішкі, што не загінулі, сышлі далей ад небяспекі… Сёння беларускія мядзведзі жывуць толькі на поўначы краіны – усяго іх крыху больш за 100 асобін

Сяргей САДОЎСКІ.

 



Добавить комментарий