Рашэнне на карысць уласніка

Главное Общество

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў згоду на ўзаконьванне дома ў вёсцы Алешчаняты. «Жыллё зносіць не будуць», – радуюцца шчаслівыя гаспадары.

У 2009 годзе Валянціна Пятроўна Мучынская (на здымку) атрымала на рукі рашэнне Гародзькаўскага сельвыканкама на выдзяленне ўчастка пад будаўніцтва жылога дома. 25 сотак зямлі адвялі жанчыне каля вёскі Алешчаняты. На гэтых маляўнічых мясцінах побач і лес, і рэчка. Здавалася б, будуй, жыві і радуйся. Аднак усё аказался далёка не так проста. Значныя фінансавыя сродкі былі ўнесены ва ўпарадкаванне ўчастка, яго выраўноўванне, пракладку неабходных камунікацый. Затым быў закладзены фундамент, а ўсё будаўніцтва гаспадары канчаткова завяршылі толькі ў 2018-м.

І калі Валянціна Пятроўна пайшла ў БТІ, каб зарэгістраваць жыллё ва ўстаноўленым парадку і ўвесці яго ў эксплуатацыю, яе чакаў шок. Спецыялісты паведамілі, што дом узведзены… на самазахопленым участку! І па нормах дзеючага заканадаўства цяпер ён падлягае зносу. Пачалося доўгае разбіральніцтва. Аказалася, што праблема ўзнікла з-за звычайнага чалавечага фактару. Зямлю адмералі не ад мяжы лесапаласы, а ад градак, якія па суседстве высаджвалі жыхары вёскі. У выніку жыллё ненаўмысна пабудавалі са змяшчэннем на 42 метры.

Далей было доўгае хаджэнне па інстанцыях. Спецыялісты стараліся ўнікнуць у праблему, шукалі шляхі яе вырашэння, аднак закон у падобных выпадках дыктуе адно: жыллё адпраўляецца пад знос.

Са сваёй бядой жанчына вырашыла звярнуцца ў Мінскі аблвыканкам. З нестандартнай сітуацыяй разбіраўся непасрэдна кіраўнік вобласці. Аляксандр Генрыхавіч Турчын у пачатку ліпеня прыехаў у Алешчаняты, уважліва выслухаў довады і патлумачыў: у падобных выпадках вырашыць праблему можна толькі праз зварот да Прэзідэнта. «Самае галоўнае, што Вы не кранаеце інтарэсы трэцяга боку, бо гутарка ідзе пра землі агульнага карыстання», – заўважыў пры размове з гаспадыняй старшыня Мінскага аблвыканкама.

Губернатар накіраваў у адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прапанову ўзаконіць дом, прадаставіўшы падрабязнасці абставін, пры якіх ён быў узведзены. 31 жніўня стала вядома, што кіраўнік дзяржавы пагадзіўся з прыведзенымі довадамі.

«Я вельмі рада, што гэта сітуацыя нарэшце вырашылася, і вельмі ўдзячна кіраўніцтву вобласці і краіны за дапамогу, за тое, што не пакінулі нас сам-насам з гэтай бядой», – падзялілася з журналістамі ўсхваляваная і шчаслівая Валянціна Пятроўна.

У галоўным упраўленні землеўпарадкавання Мінаблвыканкама паведамілі, што станоўчае рашэнне прынята не толькі па апісанай праблеме. У расшыраны спіс увайшло яшчэ 160 фактаў.

Наш кар.
Фота з сайта mlyn.by