Гісторыя з фатаграфіяй

Важное Культура

Нядаўна давялося мне наведаць Валожынскі краязнаўчы музей.
Амаль тры гадзіны часу, праведзеныя там, праляцелі, як некалькі хвілін. Яно і не дзіўна: кожны экспанат музея (ці гэта нейкі стары фотаздымак, ці дакумент удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, ці падшыўка раённай газеты з гадоў майго юнацтва) – цікавая гісторыя роднага краю. Даўно хвалявала мяне і яшчэ адно пытанне, якое я не магла не задаць супрацоўнікам музея.

Сёння на тэрыторыі раёна значацца два камяні – помнікі прыроды, якія знаходзяцца пад аховай дзяржавы. Адзін з іх – ля маёй роднай вёскі Аўгустова – Івашкаў камень. Так называлі яго нашы дзяды і прадзеды. Так ведалі яго і мы – дзеці пасляваеннага пакалення. Сцежкі дзіцячых падарожжаў часта прыводзілі нас да гэтага магутнага, трохі таемнага, замшэлага велікана. Гадоў дзесяць таму, у чарговы прыезд дадому, чамусьці вельмі захацелася яго наведаць.

З’ехаўшы з Пяслівіцкай гары і мінуўшы развілку дарог, з цяжкасцю знайшла ледзь прыкметную сцяжынку. Некалі адкрытая мясцовасць, толькі зрэдку парослая невялічкімі кустамі, сёння сапраўдны густы лес. Адразу нават падумалася, што звярнула я не туды. Але праз метраў пяцьсот дрэвы раптам расхінуліся, адкрываючы невялікі знаёмы ўзгорак. Вялізны шэры асілак сцішана ляжаў на сваім месцы. Шчымліва і горка кальнула сэрца. Па целе велікана, быццам раны, ва ўсе бакі распаўзліся расколіны, а побач валяліся добрыя кавалкі адбітага каменя. Калі і хто так знявечыў гэты цуд прыроды? Ці не запозна ўзяліся яго ахоўваць, як папярэджвала прымацаваная таблічка? Са здзіўленнем прачытала і новую назву – Васькаў камень! Спрадвечны Івашка раптам ператварыўся ў нейкага Ваську! Якія эксперты так папрацавалі над назвай? Ці гэта, можа, простая сугучнасць слоў – “Івашкаў” і “Васькаў” – адыграла сваю ролю? Вось і супрацоўнікі музея замест адказу на маё пытанне толькі развялі рукамі. У іх таксама помнік прыроды ля вёскі Аўгустова значыцца як “Васькаў камень”. Вялізны камень – валун хутчэй за ўсё ледніковага паходжання. Па ўспамінах майго бацькі, які ўсё сваё жыццё пражыў у гэтай мясцовасці, стаяў велікан на ніве аўгустоўца Рыгора Шакуна.

Недзе ў другой палове 30-х гадоў XX стагоддзя (36-37-я гады) польскія ўлады хацелі купіць у яго камень і перавезці да палаца графа Тышкевіча. Праўда, належаў палац ужо войску польскаму. Атрымаўшы добрыя грошы, будынак і некаторыя землі граф прадаў дзяржаве, якой спатрэбілася размясціць у Валожыне вайсковы гарнізон. Давалі Рыгору за камень 70 злотых – вялікія грошы па тым часе. За іх можна было купіць карову. Меўшы ў карыстанні 20 гектараў зямлі, Рыгор лічыўся ў вёсцы заможным гаспадаром. Працавала сям’я многа, а вось у хаце не было нават падлогі. Напэўна, грошы тыя былі б зусім не лішнімі. Ды колькі ні ўгаворвалі Рыгора прадаць камень, ён адказаўся. Пашкадаваў такі цуд прыроды, хоць многія вяскоўцы тады, назіраючы за сітуацыяй, круцілі пальцам ля скроні.

З аповесці валожынца Васіля Гарбачэўскага “Маё мястэчка – Валожын” я даведалася, што вайскоўцы ўсё ж купілі камень, хоць і трохі меншы. Яго знайшлі таксама ля нашай вёскі ва ўрочышчы Пяслівіца. Паставіўшы ля палаца, на ім прымацавалі барэльеф Ю. Пілсудскага. Лёс таго валуна незайдросны. У 1939 годзе яго проста знішчылі, а Івашкаў камень так і застаўся на сваім адвечным месцы.

У 60-я гады мінулага стагоддзя якраз на былой Рыгоравай ніве ля нашай вёскі праходзілі штогадовыя раённыя святы працы і песні. Мы, вясковыя дзеці, ужо напярэдадні доўгачаканага дня беглі напрасткі, праз невялікі лясок, да Івашкава каменя. Там ставілі палаткі для шматлікіх крамаў, упрыгожвалі іх маладымі бярозкамі і рознакаляровымі стужкамі, на ўзгорку, ля валуна, на нашых вачах вырастала сцэна.

Тыя святочныя, яркія дні на ўсё жыццё засталіся ў дзіцячай памяці. Музыка, песні, у крамах цукеркі і марожанае, побач нашы маладыя і шчаслівыя бацькі. Ужо трохі зарубцаваліся балючыя раны вайны, адбудаваны спаленыя хаты, наладжвалася праца ў нядаўна створаных калгасах. Гэтыя яркія, звонкія святы напаўнялі сэрцы людзей гаючай сілай жыцця. І не было мусіць там чалавека, які б не падышоў да магутнага асілка – валуна. Ад цёплых летніх сонечных промняў, ад шматлікіх ласкавых дотыкаў рук камень, здаецца, ажываў і, канешне, быў адным з галоўных герояў таго свята.

Не кожны меў тады фотаапарат. Магчымасць зрабіць свой здымак на фоне гэтага прыгажуна таксама была не ў кожнага. І ўсё ж людзі фатаграфаваліся. Пасля таго, як пабачыла свет мая аповесць “Івашкаў камень”, вельмі цікавая жанчына, былая настаўніца з вёскі Літва Яўгенія Фамінічна Чаплінская паказала адну старую фатаграфію, датаваную, калі не памыляюся, 1968 годам. Здымак зроблены якраз у час свята. На камені ўтульна размясціліся пяць чалавек. Маладыя жанчыны і мужчыны прыгожа, па-святочнаму апранутыя. Некаторыя ў беларускіх вышываных строях. Па словах Яўгеніі Фамінічны, на здымку настаўнікі Валожынскай сярэдняй школы № 2. Адна з іх – яе родная сястра са сваім мужам. Далейшы лёс фатаграфіі мне невядомы. Няма ўжо ў жывых гэтай светлай, разумнай і таленавітай жанчыны. У яе хаце жывуць іншыя людзі.

Пішу свой матэрыял у рубрыку “Гісторыя з фатаграфіяй” без фатаграфіі таго часу. Пішу з вялікай надзеяй, што валожынцы адгукнуцца і хтосьці прынясе ў рэдакцыю газеты ці ў музей стары здымак сваіх родных побач з Івашкавым каменем. Няхай з’явіцца новы (магчыма і не адзін) цікавы экспанат у мясцовым музеі. Хочацца верыць, што не зарасце сцежка да гэтага помніка і яшчэ не адзін чалавек падзівіцца магутнай сіле прыроды, якая змагла нарадзіць такога велікана.

Лідзія ГАРДЫНЕЦ

Супрацоўнікі Валожынскага краязнаўчага музея выказваюць шчырую падзяку Лідзіі Міхайлаўне Гардынец за цікавы артыкул для рубрыкі “Гісторыя з фатаграфіяй”.