Махляры адкрылі “куфар”…

Важное Закон и порядок

За апошні час павялічылася колькасць крадзяжоў з банкаўскіх картак. Цяпер махляры выдаюць сябе за “Куфар” – папулярны сайт аб’яў, праз які можна прадаць або купіць нейкія рэчы. Для абману даверлівых грамадзян выкарыстоўваюцца схемы, апрабаваныя ў Расіі. Звычайна і віртуальныя злодзеі знаходзяцца на тэрыторыі гэтай краіны.

Пацярпелымі могуць стаць як пакупнікі, так і прадаўцы з сайта “Куфар”. Махляры выдатна адчуваюць эмоцыі патэнцыяльнай ахвяры, а стаўку робяць на даверлівых і адкрытых людзей. Могуць расказаць, што трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю (захварэў блізкі сваяк, трэба аплаціць вучобу дзіцяці або ратаваць бізнес падчас крызісу), таму каштоўную рэч прадаюць па мізэрнай цане. Пераканаўшыся, што “зачапілі” нераўнадушнага чалавека, злачынцы прапаноўваюць абмеркаваць здзелку ў месенджарах ці сацыяльных сетках. Гэта абумоўлена тым, што сістэма бяспекі “Куфра” блакіруе фальшывыя сайты.

Каб не трапіць у падманную пастку, будзьце ўважлівымі: калі ў месенджары ці электроннай пошце прысылаюць спасылку на “Куфар”, не пераходзьце на яе. У надрукаванай аб’яве схавайце свой нумар тэлефона.

Памятайце, што фальшывы сайт можна распазнаць. Калі дызайн махляры навучыліся капіраваць, то сам сэрвіс будзе няякасным, а некаторыя кнопкі наогул не працуюць.
У выпадку, калі вы ўсё ж такі перайшлі на сайт махляроў і пакінулі там даныя сваёй банкаўскай карткі, то пастарайцеся як мага хутчэй яе заблакіраваць. Для гэтага выберыце любы з прапанаваных варыянтаў: патэлефануйце на кругласутачны нумар, які ўказаны на картцы, або на сэрвісную службу
8-017 2992526; скарыстайце мабільны ці Інтэрнэт-банкінг праз SМS-банкінг ці ў аддзяленні банка.

На шчасце, 70 працэнтаў людзей, якія западозрылі, што іх спрабуюць абакрасці, своечасова зрэагавалі і не сталі здабычай махляроў. Аднак і крымінальны элемент не здаецца: у параўнанні з сакавіком колькасць злачынстваў у віртуальнай прасторы павялічылася ў тры разы! Так што заклікаю ўсіх жыхароў Валожыншчыны быць пільнымі, не паведамляць рэквізіты банкаўскіх картак, а на неправераных сайтах не размяшчаць ніякіх пра сябе звестак.

Дзмітрый ВЯРОЎЧЫК,
начальнік Валожынскага РАУС