Балельшчыкі крычалі “гол!” дваццаць разоў

Важное Спорт

У апошнюю суботу лета на школьным стадыёне ў Ракаве назіраўся ажыятаж і палалі сапраўдныя спартыўныя страсці. Тут праходзіў футбольны турнір.

Калі акунуцца ў гісторыю гэтага спаборніцтва, то варта адзначыць, што яна налічвае ўжо больш за дзясятак гадоў. Пераходны прыз – Кубак Ракава набыты сельвыканкамам, у мінулыя часы ад удзельнікаў не было адбою. Здаралася, што матчы ішлі цэлы светлавы дзень, каб даць магчымасць пагуляць усім жадаючым.

Сёлета памерацца сіламі пажадалі пяць каманд: чатыры прадстаўлялі гаспадароў, пятая прыехала з Івянца. Акрамя мясцовых жыхароў, ігракамі выступалі і прадстаўнікі сталіцы, якія вырашылі падтрымаць любімыя каманды.

Галоўнаму суддзю спаборніцтва Дзмітрыю Язубцу ў той дзень давялося папацець не менш, чым ігракам. Дапамагаў яму ў нялёгкай справе Сяргей Мазур. Праявіўшы веды, кіруючыся прынцыпам справядлівасці, яны прысудзілі перамогу івянчанам, якія выйгралі па ачках. На другую прыступку п’едэстала падняліся ігракі з каманды “Градус”. Акрамя пераходнага прыза, футбалістаў з Івянца чакаў яшчэ і сюрпрыз ад гаспадара аграсядзібы “Вандроўнік” – парылка і бярозавыя венікі ў лазні.

Наш кар.