Замуж выйшла за работу, але сямейнае шчасце зведала

Главное Люди и судьбы

Пра Ганну Каспераўну ЯНУШКЕВІЧ, знакамітага на Валожыншчыне настаўніка фізікі, ужо можна было прачытаць у нашым выданні некалькі часу таму. У артыкуле надавалася вялікая ўвага яе заслугам на ніве адукацыі і выхавання моладзі. Сёння ж, калі паважаная ракаўчанка рыхтуецца адзначыць 90-гадовы юбілей, хацелася б расказаць чытачам пра яе як пра жанчыну. Так, Ганна Каспераўна ніколі не была замужам, не мела ўласных дзяцей. Але гісторыя, якую мы пачулі ад яе пляменніцы Ірыны Бурак з Мінска, дазваляе даведацца, што апантаны сваёй прафесіяй педагог усё ж зведаў і шчасце мацярынства, і бабуліны радасці.

У той час, як кар’ера выкладчыка Ракаўскай школы набірала моц, лёс падрыхтаваў ёй сюрпрыз. Сястра, якая лічыла сваім абавязкам вырашаць праблемы родных, раптам прыняла адразу два рашэнні: па-першае, старэйшай адзінокай Ганне, неабходна падтрымка і кампанія, а малодшай сястры, што мела чацвёра дзяцей, патрабуецца дапамога ў сэнсе змяншэння затрат і клопатаў. Такім чынам, згодна са сцэнарыем, прыдуманым прадпрымальнай сваячкай, у 1978 годзе Ірына (ёй толькі-толькі споўнілася 16 гадоў) была накіравана да цёткі для пастаяннага пражывання. Дзяўчынка паступіла ў Навапольскі тэхнікум і пасялілася ў доме, што дастаўся Ганне Каспераўне ў спадчыну ад былых гаспадароў, якія бачылі ў ёй дачку. Маладая настаўніца не была гатовая прыняць на сябе абавязкі апекуна, таму першыя месяцы сваячкі не вельмі ўспрымалі адна адну як блізкіх людзей. Да таго ж строгай, з выключна правільнымі суджэннямі і паводзінамі Ганнай яе сёстры палохалі дзяцей. Часта, калі тыя свавольнічалі, ім казалі: “Вось прыедзе Ганна!” Цікава, але ніколі не прагаворвалася, што ж будзе ў той прыезд, але малыя чамусьці баяліся, хоць і ведалі, кожны раз цётка з’явіцца з падарункамі і цукеркамі…

Паступова дарослая жанчына і падлетак прывыклі адна да адной, зблізіліся. Старэйшая старалася ўсебакова развіць асобу малодшай, застаўляла чытаць, вучыцца, быць актыўнай. Дзяўчынка ж, прывучаная з маленства клапаціцца пра меншых дзяцей, у многім брала на сябе хатнюю работу. Ганна Каспераўна – настаўнік ад Бога – быту надавала няшмат увагі. Ірына ўспамінае, як дзівілася, калі даведалася: у кабінеце фізікі рукамі цёткі створана сапраўднае кветкавае царства, а дома яна часта забывае проста паліць нешматлікія вазоны…

Калі іх тандэм усталяваўся, Ганна Каспераўна паступова стала праяўляць мацярынскую рэўнасць. Яна не хацела, каб Ірына часта ездзіла да бацькоў. Сапраўды, чаго? Ты ж са мной жывеш, і нам добра ўдваіх. Ёй давялося перажыць нейкі час непрыемныя эмоцыі, калі пляменніца вырашыла выйсці замуж. Але яе любячае сэрца змагло прыняць маладога зяця, як сына, і такім чынам іх сям’я папоўнілася. Калі нарадзіліся ўнукі, гонару за іх у бабулі не было межаў.

Настаўкі фізікі, як вядома, больш за ўсіх разумеюць прыроду кожнай з’явы. Здавалася б, менавіта для іх рэлігія існаваць не павінна. Для Ганны Каспераўны яе веды ніколі не ўступалі ў супярэчнасць з верай. Свае погляды перадала і любімай пляменніцы, і хлопчыкам. Яна шчыра ганарыцца ўнукам Андрэем, які стаў ксяндзом і ў многім удзячны бабулі за тое, што ў свой час тая дапамагла вызначыцца з жыццёвым кірункам.

Што тычыцца Ірыны, яна нават за дыплом аб вышэшай адукацыі адчувае бязмежную ўдзячнасць роднаму чалавеку. Не ведае чаму, але, калі па патрабаванні Ганны Каспераўны паступіла ў наргас, вучыцца не хацела, амаль імкнулася да таго, каб яе адлічылі з ліку студэнтак. Але ж сваячка гэтага не дапусціла. Сачыла за наведваннем заняткаў і за паспяховасцю, дапамагала з кантрольнымі, нават сама адвозіла іх у інстытут. І паступова пераламала сітуацыю. Дзяўчына пасвяхова скончыла ВНУ, стала спецыялістам.

Калі педагог пайшла на пенсію, у пашпарце ўжо фігуравала лічба 75. Радня была ўпэўнена: жанчыне патрабуецца адпачынак. Яна ж замест школы знайшла іншы занятак – стала заўзятай агародніцай. І зараз, хоць здароўе і падводзіць, вырошчванне агародніны, утрыманне град у парадку прыносяць ёй бязмежную радасць.

Даўно пенсіянерка, Ганна Каспераўна Янушкевіч не забывае цікавіцца справамі ў адукацыі, падтрымлівае сяброўскія зносіны з былымі калегамі, амаль штодня спяшаецца да імшы, а выхаднымі чакае ў госці дачку-пляменніцу, яе мужа Сашу, унукаў Максіма і Андрэя. А тыя апошнім часам ламаюць галаву над праблемай, як адзначыць юбілей роднага чалавека, каб ёй было хораша і радасна.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ